Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Муляр, за якога заступілася брыгада, ужо беспрацоўны


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Актывіст незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі стаў беспрацоўным.

9 лютага ён адпрацаваў апошні дзень. У працоўнай кніжцы пазначана, што Паўлоўскі звольнены па сканчэньні тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту.

Актывіст заяўляе, што будзе судзіцца з акцыянэрным таварыствам «Прамжылбуд», бо яно парушыла ўмовы кантракту:

«Я ў адміністрацыю прадпрыемства раней даслаў заяву, што я зь імі спыняю працоўныя адносіны, бо яны парушаюць Працоўны кодэкс, кантракт і калектыўную дамову, не выконваюць правілаў аховы працы. Буду па гэтай справе судзіцца зь імі. Заяву яны атрымалі раней, чым скончыўся мой кантракт зь імі, але ўсё адно яны ў загадзе напісалі, што звальняюць мяне, бо скончыўся кантракт».

Аляксей Паўлоўскі лічыць, што яго звольнілі, бо ён бараніў правы працоўных.

Пра спыненьне працоўных адносінаў Паўлоўскаму паведамілі за месяц да звальненьня, 9 студзеня. На наступны дзень пятнаццаць муляраў акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» пісьмова зьвярнуліся да кіраўніцтва прадпрыемства з патрабаваньнем не звальняць актывіста, інакш яны ня будуць працягваць сваіх кантрактаў і выйдуць з афіцыйнага прафсаюзу. У наступныя дні, пасьля гутарак працаўнікоў сам-насам з кіраўніцтвам «Прамжылбуда», трынаццаць зь іх адракліся ад сваіх подпісаў. Двое ж дагэтуль трымаюцца ранейшай пазыцыі.
XS
SM
MD
LG