Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку гомельскага актывіста выпусьцілі на волю


Галіна й Аляксандар Працко

Галіна й Аляксандар Працко

9 лютага з Гомельскай папраўчай калёніі № 4 умоўна-датэрмінова вызваленая Галіна Працко — дачка грамадзкага актывіста Аляксандра Працко.

У жніўні 2010 году міліцыя затрымала Галіну на беларуска-ўкраінскай мяжы. Яе абвінавацілі ў гандлі людзьмі й вывазе дзяўчат за мяжу для занятку прастытуцыяй.

Сюжэт з апэратыўнымі відэаздымкамі адразу ж паказалі па беларускім тэлебачаньні. Маладую жанчыну арыштавалі. Працяглы час яна знаходзілася ў сьледчым ізалятары, першапачаткова яе нават асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак у касацыйным судзе цяжкае абвінавачваньне не знайшло пацьвярджэньня. Справу перакваліфікавалі. Урэшце Галіну пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ўжо за ўцягваньне дзяўчат у занятак прастытуцыяй.

Аляксандар Працко наагул лічыць, што дачка пацярпела з-за ягонай грамадзкай дзейнасьці. Ён спрабаваў праз суд аспрэчыць сюжэты, паказаныя на Першым беларускім тэлеканале, у якіх сьцьвярджалася, што Галіна займалася вывазам дзяўчат за мяжу, і не было нават згадкі, што яна толькі падазроная.

«Мы зьбіраемся прайсьці ўсе судовыя інстанцыі, каб аспрэчыць і прысуд, і абвінаваўчыя сюжэты на БТ, і адмову ў СІЗА аказаць дачцэ належную мэдычную дапамогу», — заявіў «Свабодзе» спадар Працко.

Сама Галіна паведаміла пра надзвычай дрэнныя бытавыя ўмовы ўтрыманьня й харчаваньня асуджаных у жаночай калёніі № 4. Апрача таго, паводле яе слоў, у моцныя маразы зьняволеных жанчын падоўгу прымушаюць стаяць на розных паверках і разводах на працу.

XS
SM
MD
LG