Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ раз пра візавыя санкцыі


Хачу таксама выказацца з нагоды дзівоснай гісторыі пра лабіраваньне адмены візавых санкцыяў адносна 25 функцыянэраў рэжыму. Экспэрты, якіх абвінавацілі ў гэтым лабіраваньні, кажуць, што ніякага дакумэнту не было, не было сьпісу, абмяркоўвалася толькі ў агульным пляне ідэя пра мэтазгоднасьць санкцыяў. З блытаных камэнтароў Вольгі Стужынскай можна зрабіць выснову, што нейкі сьпіс усё ж быў, і ў ім прысутнічалі прозьвішчы «аднаго бізнэсоўца», рэктараў, журналістаў, людзей, якія пайшлі з сваіх пасадаў. Заява Алеся Міхалевіча, што бізнэсовец Пефціеў абяцаў мільён даляраў за выключэньне яго са сьпісу неўязных у Эўропу, не пацьвярджаецца ніякімі фактамі.

Таму будзем зыходзіць з прэзумпцыі невінаватасьці і паспрабуем паразважаць наконт самой ідэі эфэктыўнасьці санкцыяў.

Спадар Юры Дракахруст узгадвае, што на экспэртнай канфэрэнцыі па Беларусі,
Лягічна пачынаць адмену санкцыяў з Лукашэнкі.

якая адбылася два месяцы таму ў Брусэлі, ідэя контрапрадукцыйнасьці санкцыяў была лейтматывам. Праблема ў тым, што мы ведаем пра гэта з інфармацыі экспэрта BISS Дзяніса Мельянцова — актыўнага прыхільніка адмены санкцыяў. Цікава, што арганізатарамі канфэрэнцыі зь беларускага боку былі якраз BISS і «Офіс за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай.

У канцы студзеня мне таксама давялося ўдзельнічаць у падобнай канфэрэнцыі па Беларусі ў Варшаве. Там таксама былі заходнія экспэрты. Дык вось адзіным, хто крытыкаваў санкцыі, быў якраз прадстаўнік BISS. А заходнія ўдзельнікі хутчэй палемізавалі з такой высновай. Таму ў мяне склалася зусім іншае ўражаньне пра настроі адносна санкцыяў у эўрапейскай палітычнай і аналітычнай супольнасьці.

Калі зыходзіць з ідэі, што візавыя санкцыі контрапрадукцыйныя і іх трэба адмяняць, каб уцягнуць афіцыйны Менск у дыялёг з Захадам, то лягічна пачынаць такую адмену з Лукашэнкі. Бо выкрэсьліваньне са сьпісу 25 функцыянэраў ніяк ня будзе спрыяць дыялёгу. Хутчэй наадварот, ён раздражніць кіраўніка дзяржавы. Бо што ж гэта выходзіць: ён ня можа езьдзіць катацца на лыжах у Альпы, а Якубовіч з Гігіным, якія нібыта фігуравалі ў гэтым злашчасным сьпісе 25-ці, змогуць езьдзіць у Вільню на закупы кожны выходны? Дзе ж справядлівасьць? Больш за тое, могуць пачацца разборкі, хто дазволіў функцыянэрам якшацца з апазыцыяй і эўрапейцамі без вышэйшай ухвалы. Такая атмасфэра наўрад ці будзе спрыяць дыялёгу. Таму заяўленая мэта і спроба яе рэалізацыі супярэчаць адна адной.

Нельга разважаць пра эфэктыўнасьць ці неэфэктыўнасьць міжнародных санкцыяў абстрактна, спасылаючыся на гістарычны досьвед. Яны сапраўды малаэфэктыўныя, калі справа тычыцца закрытых таталітарных дзяржаў, кшталту СССР, Кубы, Паўночнай Карэі, Іраку пэрыяду Садама Хусэйна.

Зусім іншая рэч, калі гаворка ідзе пра аўтарытарныя рэжымы. Напрыклад, заходнія санкцыі дапамаглі зрынуць рэжым Мілошавіча ў Югаславіі, бо народ быў вельмі незадаволены сваім дрэнным эканамічным станам.

Беларусь жа — дастаткова адкрытая краіна. Мы існуем у эпоху глябалізацыі, рэжым ужо ня мае манаполіі на інфармацыю.

Увогуле, падаецца, ня трэба перабольшваць станоўчы
Сьпісы нагадваюць пра адказнасьць.

ці адмоўны ўплыў заходніх санкцыяў на сытуацыю ў Беларусі. Яна больш залежыць ад геапалітычнага раскладу, эканамічнага становішча, узроўню сацыяльнай напружанасьці ў краіне. Напрыклад, пакуль Расея гатовая даваць вялізныя субсыдыі Беларусі, ёсьць візавыя забароны ці не — ня мае вялікага значэньня для палітыкі дзейнага рэжыму. І канцэнтрацыя на гэтай тэме адцягвае ўвагу ад іншых, больш актуальных пытаньняў грамадзка-палітычнага жыцьця краіны.

Дарэчы, самі функцыянэры, якія трапілі ў сьпісы неўязных, рэагуюць на гэта нэрвова. Справа нават ня толькі ў тым, што яны ня могуць паехаць у Эўропу. Гэтыя сьпісы нагадваюць ім пра адказнасьць. Яны не хацелі б думаць, што будзе пасьля зьмены рэжыму, бо такія думкі непрыемныя, ствараюць псыхалягічны дыскамфорт. А тут гэтыя сьпісы, ужо гатовыя. Прычым тое, што ў іх фігуруюць людзі, якія ўжо сышлі з пасадаў, якраз сымбалічна. Бо нагадвае, што ніхто не забыты, нішто не забыта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG