Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталічным мікрараёне «Шабаны» напрыканцы студзеня насьмерць замерз 17-гадовы юнак. За час моцных маразоў, як паведаміў кіраўнік Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму дзяржаўным мэдыям, у Менску ад холаду пацярпелі 76 чалавек, 53 атрымалі абмаражэньні, 4 загінулі. Колькі людзей сталі ахвярамі халадоў у цэлым па Беларусі, улады краіны не паведамляюць.

Гарадзкія ўлады Менску празь дзяржаўныя мэдыі паведамілі, што ў некаторых раёнах сталіцы адкрылі адмысловыя пункты для дапамогі бяздомным зімой. Аднак ініцыятыва зьявілася толькі ў адлігу, пасьля пэрыяду моцных маразоў, паведаміла супрацоўніца такога цэнтру ў Заводзкім раёне Менску, якая адмовілася называць сваё імя:

«Зараз ідзе такі напрамак — праца з грамадзянамі бяз пэўнага месца жыхарства — натуральна, такі мароз. Гэта адзеньне для іх, гарбата і ежа».

Карэспандэнтка: «Ці прыходзілі ўжо да вас такія людзі?»

«Пакуль не было нікога. Гэты напрамак толькі-толькі распачынаецца, з гэтага тыдня. Таму будзем зараз шукаць іх. Я ведаю, што міліцыя ўжо працуе ў гэтым напрамку. Яна іх ужо шукае, і думаю, што вось-вось пачнуць паступаць».

Тым часам у вялікія халады, калі тэрмомэтры фіксавалі тэмпэратуру ніжэй за 25 градусаў марозу, толькі ў аддзяленьне траўматалёгіі шпіталя хуткай дапамогі зьвярнуліся больш за сотню чалавек з абмарожаньнямі і пераахалоджваньнем рознай ступені цяжкасьці, кажа мэдсястра аддзяленьня Натальля Аляксееўна:

«Калі было —10 градусаў, то яшчэ не паступалі, а калі —15, —20, то за суткі звычайна 6–8 чалавек. Бывае больш, асабліва на выходныя. Як маразы мацнейшыя — у выходныя, у сьвяты — так і людзей больш нашмат. На выходныя людзі адпачываюць, едуць у Сілічы ці яшчэ куды, адпаведна — выпіваюць, тэмпэратуру не адчуваюць, бо ўсе разагрэтыя. А пасьля атрымліваюць абмарожаньне і прыяжджаюць да нас. Калі, да прыкладу, вялікія маразы былі, то і дзеці да нас паступалі, і студэнты, і дарослыя людзі. Звычайна, калі цягам першых сутак да нас зьвяртаюцца, то ніякіх наступстваў гэтага няма. А калі пазьней за трэція суткі, то нават да ампутацыі канечнасьцяў даходзіць. Сёлета такіх выпадкаў, нібыта, не было. Іншая рэч, што, магчыма, з прычыны гнойнай хірургіі такія людзі паступалі ў іншыя шпіталі».
…выпіваюць, тэмпэратуру не адчуваюць, бо ўсе разагрэтыя. А пасьля атрымліваюць абмарожаньне і прыяжджаюць да нас.

Карэспандэнтка: «Ці былі выпадкі сьмерці людзей і колькі такіх выпадкаў здаралася?»

«У нас не было, а ці былі дзе і колькі — мы ня ведаем. Магчыма, у міліцыі такая статыстыка ёсьць, у нас — не».

Карэспандэнтка: «А колькі людзей зьвярталася ў вашае аддзяленьне з прычыны абмаражэньня гэтай зімой?»

«Больш за сотню чалавек. Толькі ў выходныя было 25. А наперадзе ізноў выходныя — дык будзе яшчэ больш».

Колькі чалавек з пераахалоджваньнем і абмарожаньнямі трапілі ў іншыя шпіталі Менску, а таксама ў іншых гарадах і рэгіёнах краіны, у Міністэрстве аховы здароўя не паведамляюць. Афіцыйны інтэрнэт-сайт Міністэрства такой статыстыкі не падае. Маўчаць пра гэта і дзяржаўныя мэдыі, хоць БТ сыстэматычна паведамляе пра колькасьць загінулых ад холаду ва Ўкраіне і іншых суседніх дзяржавах. Адсутнасьць ці замоўчваньне статыстыкі пра пацярпелых ад марозу ў Беларусі камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

«У гэтай сытуацыі праяўляюцца дзьве праблемы. Адна зь іх — непразрыстасьць дзейнасьці дзяржаўнага апарату: імкненьне схаваць, прыхаваць і не даваць грамадзтву ніякай інфармацыі. Гэта зьвязана з тым, што ўлада ў Беларусі не дэмакратычная і не зацікаўленая ў тым, каб грамадзяне ведалі сапраўдны стан рэчаў і сапраўдную статыстыку. Увогуле інфармацыю, на падставе чаго ўлады прымаюць тыя альбо іншыя рашэньні. Другое — гэта ўжо спэцыфіка дзейнасьці не дзяржапарату, а прапагандысцкіх службаў. Яны кіруюцца старым савецкім стандартам, што за мяжой усё кепска, а ў нас нічога кепскага няма. Гэта сёньня стандарт для дзяржаўных сродкаў масавай прапаганды. І гэтыя два аспэкты адзін аднаго дапаўняюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG