Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўразьвязу сустрэўся са сваякамі палітвязьняў


Гунар Віганд, архіўнае фота.

Гунар Віганд, архіўнае фота.

Пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да беларускіх палітвязьняў застаецца нязьменнай.

Пра гэта заявіў на сустрэчы са сваякамі палітвязьняў дырэктар дэпартамэнту па пытаньнях Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Гунар Віганд.

Як паведаміла ўдзельніца сустрэчы Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, у ходзе гутаркі спадар Віганд адзначыў, што пазыцыя ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца жорсткай і прынцыповай.

«Ён запэўніў нас, што Эўразьвяз ня будзе прымаць ніякіх паўмераў у дачыненьні да беларускай улады. У прыватнасьці, у абмен на вызваленьне кагосьці аднаго з палітвязьняў. Нам, сваякам тых, хто сядзіць у турмах, ён паабяцаў, што ЭЗ па-ранейшаму будзе патрабаваць вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў», — распавяла Халіп БелаПАН.

Віганд, паводле яе слоў, таксама паведаміў, што 27 лютага на пасяджэньні Савету міністраў замежных спраў Эўразьвязу будзе прапанавана пашырыць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі.
Нам, сваякам тых, хто сядзіць у турмах, ён паабяцаў, што ЭЗ па-ранейшаму будзе патрабаваць вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў.

Сёньня раніцай на сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі Віганд паведаміў, што ў бліжэйшыя тыдні з турмаў могуць выйсьці некаторыя палітвязьні.

Удзельнік сустрэчы зь Вігандам, лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў, што Віганд таксама паведаміў, што прадстаўнікі беларускага МЗС на ўчорашніх перамовах паабяцалі рэформу палітычнай сыстэмы пасьля парлямэнцкіх выбараў 2012 году.

Гунар Віганд прыбыў у Менск 8 лютага. У той жа дзень ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым і начальнікам управы агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Раманам Раманоўскім. Сёньня, акрамя сустрэч з прадстаўнікамі апазыцыі і сваякамі палітвязьняў, у яго заплянаваныя перамовы ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Паводле інфармацыі беларускага прадстаўніцтва ЭЗ, Віганд прыбыў у Менск «з мэтай усталяваць эўрапейскі дыялёг па пытаньнях мадэрнізацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі». Візыт дасьць магчымасьць «зрабіць агляд цяперашняга ўзроўню адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю і агучыць пытаньні, якія выклікаюць занепакоенасьць у Эўразьвязе», — адзначылі ў прадстаўніцтве.

Візыт працягнецца да 10 лютага.
XS
SM
MD
LG