Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены, што даходы насельніцтва хутка дасягнуць дакрызыснага ўзроўню. Пра гэта ён заявіў 9 лютага, заслухаўшы даклад ураду пра сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне.

Выслухаўшы даклад ураду, Лукашэнка зноў заявіў, што верне насельніцтву дакрызісныя заробкі. Раней, прымаючы з дакладам старшыню праўленьня Нацбанку Надзею Ермакову, ён адзначаў, што гэта магчыма цягам году-паўтара. Але сёньня Лукашэнка нічога канкрэтнага не сказаў пра тое, колькі часу спатрэбіцца, каб вярнуць людзям тыя 500 даляраў. Эканаміст Георгі Грыц мяркуе, што ў гэтым годзе гэта немагчыма і нават не прадугледжана ў плянах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Таму заяву Лукашэнкі ён лічыць больш палітычнай:

«Я б і пра два-тры гады сказаў, што гэта надта аптымістычны прагноз. Хутчэй за ўсё, гэта 3–5 гадоў. Гэта ж сярэдні заробак, а не па канкрэтным прадпрыемстве. З гэтага пункту гледжаньня перабудова патрабуе пяці гадоў плюс-мінус адзін год — гэта вельмі аптымістычны прагноз.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Я думаю, гэта паказьнікі больш жаданыя, чымсьці тыя, якіх насамрэч рэальна дасягнуць. Урад, які адказвае за гэтыя паказьнікі, у якога ў руках рэальныя інструмэнты, ён, відаць, ставіцца да гэтага больш узважана».

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, з улікам цяперашняга эканамічнага становішча хутка вярнуць дакрызысныя заробкі немагчыма.

«Можа, на адзін месяц і дасягнём, як гэта было напрыканцы мінулага году, а потым зноў абвал. Наша эканоміка пакуль што неэфэктыўная. Шмат спажываюць нашы людзі і дзяржава за кошт розных пазыкаў. Калі ж яна будзе разьвівацца самастойна і на сваёй базе гэтыя заробкі падымаць, тады можна казаць пра ўстойлівае разьвіцьцё. І што заробкі могуць стаць і большымі».

Але Лукашэнка паведаміў, што прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч далажыў яму: маўляў, «вынікі нават крыху лепшыя, чым мы спадзяваліся». Камэнтуючы гэта, Злотнікаў адзначыў:

«Лепшыя, бо часова ёсьць грошы. Напрыканцы году атрымалі каля 4 мільярдаў даляраў, а зараз дзяржава атрымае яшчэ і падаткі на прыбытак, прыбытак на курсавую розьніцу і тыя, што атрымаліся за кошт інфляцыі. Таму бюджэт папоўніцца і гэтымі даходамі ў першым квартале. То бок, можа, да лета хопіць грошай, каб не было інфляцыі. І нават каб падняць заробкі на некалькі месяцаў. А калі мы ня будзем прадаваць нашу маёмасьць і ня будзем атрымліваць пазыкі, дык што тут будзе? Нічога ня будзе».

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што вярнуць дакрызісны заробак магчыма хутка, як гэта было зроблена перад мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Адміністратыўна павысіць заробак можна, па камандзе.

«А што будзе потым, мы ўжо ведаем. Заробак усё ж павінен абапірацца на ўзровень эканомікі. А як практыка паказала нядаўняя, у нас узровень эканомікі не адпавядае 500-даляраваму заробку. І будзе зноў жа другая сэрыя. Потым зноў жа будзе абвал, які быў. Будзе інфляцыя, і гэтак далей. Калі такімі тэмпамі, як зараз, павышаецца заробак, а прадукцыйнасьць працы — зусім іншымі тэмпамі, то максымум 3–4 месяцы — і зноў жа будзе такі ўсплёск інфляцыі. І будзе гонка заробку за цэнамі. Даляравы эквівалент можна зрабіць, і выкарыстоўваючы адміністратыўны рэсурс, як гэта было зроблена перад выбарамі. Можна на кароткі тэрмін павысіць. А потым — тое, што было ў 2011 годзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG