Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі зараз гэта не спыніць, то мы апынемся ў поўнай галечы»


Працягваецца пратэст ўладальнікаў лецішчаў і жыхароў смалявіцкіх вёсак, якім пагражае высяленьне, бо іхнія землі указам Лукашэнкі адвялі пад кітайска-беларускі індустрыяльны тэхнапарк. У бліжэйшую нядзелю, 12 лютага, занепакоеныя людзі зьбіраюцца зноў правесьці калектыўны сход пратэсту.

Раней «Свабода» паведаміла, што прычына хваляваньняў некалькіх тысяч дачнікаў зь Менску і смалявіцкіх вяскоўцаў — намер кітайскіх інвэстараў збудаваць да 2025 году індустрыяльны тэхнапарк на тэрыторыі ў 80 квадратных кілямэтраў. Заснавальнікі ўжо займелі падтрымку ў беларускім урадзе і парлямэнце. Заяўлена, што на першым этапе ля Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2» збудуюць вытворчасьці ў галінах машынабудаваньня, біямэдыцыны, бытавой тэхнікі й электронікі. Прыблізны кошт інвэстыцыйнага праекту — 30 мільярдаў даляраў.

Аднак супраць гэтых намераў — дачнікі больш як 10 садовых таварыстваў. Сваю пазыцыю тлумачыць спадарыня Алена:

«Я ўсё жыцьцё ўклала ў гэтае лецішча, усе свае зьберажэньні — усё, што мела. Спадзявалася на маёмасьць, бо ў двухпакаёвай кватэры, якую на сёньня мае наша сям’я з 6-ці чалавек, жыць ужо вельмі цяжка. А нас жа з мужам чакае яшчэ пэнсія...»

Дачнікі ў Смалявіцкім раёне стварылі ініцыятыўную групу, каб каардынаваць акцыі пратэсту. Бліжэйшая зь іх — калектыўны сход — плянуецца ў нядзелю, 12 лютага. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў Алесь Гуляка, сябра ініцыятыўнай групы:

Калі гэта зараз не спыніць, то мы апынемся ў поўнай галечы ...

«Я мяркую, што людзей, якія змагаюцца за сваю ўласнасьць — маёмасьць, дамы, прыватызаваны ўчастак, за Бацькаўшчыну — ніхто ня можа і не павінен спыніць. Таму што людзі ўклалі сюды сваю душу, сродкі. Там жылі і жывуць нашы бацькі, дзеці, сем’і. Калі гэта зараз не спыніць, то мы апынемся ў поўнай галечы».

Пра пратэсты ў Смалявіцкім раёне дзяржаўныя СМІ маўчаць. Таму па інфармацыйную і юрыдычную дапамогу дачнікі зьвярнуліся ў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду». Адзін зь яе лідэраў, Андрэй Дзьмітрыеў, тлумачыць:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Зараз наша кампанія дапамагае ім арганізавацца юрыдычна. Мы адсочваем пратэст і дапамагаем таксама, каб гэты працэс быў публічным. Таму што адна з прынцыповых праблемаў у Беларусі — што дзяржава збудаваная не для грамадзянаў, а для чыноўнікаў, у тым ліку для тых, хто хоча ўсё рабіць „уцёмную“. І вось гэты добры прыклад, калі было вырашана, што землі, на якіх пабудаваныя дамы, у якіх жывуць тысячы людзей, будуць аддадзеныя пад нейкі інвэстпраект, без апытаньня людзей, без дыскусіяў у грамадзтве, увогуле нават без папярэдняга інфармаваньня гэтых людзей.

Гэта прыклад непразрыстасьці ў дзяржаве, і гэта абавязкова трэба зьмяняць. Таму, па-першае, мы будзем зьвяртацца да шырокай грамадзкасьці. Бо гэты прыклад — не адзінкавы.

Па-другое, мы будзем уздымаць праблему, што ў Беларусі патрэбна заканадаўства, што ў чалавека нельга адбіраць прыватызаваную ім зямлю, а калі гэта дзяржаве вельмі патрэбна, то павінна быць вельмі празрыстая сыстэма, як гэта робіцца».
XS
SM
MD
LG