Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі раённы суд пакараў грамадзкага актывіста Аляксандра Вайцешыка за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў міліцыянту. Спадар Вайцешык атрымаў 1 год 6 месяцаў умоўна.

Актывіста зьвінавацілі ў тым, што ён пабіўся зь міліцыянтам Аляксандрам Пахамовічам. У ліпені гэты міліцыянт прыйшоў да актывіста дахаты, каб паўторна ўзяць у яго адбіткі пальцаў. Калі Вайцешык прыйшоў дадому, міліцыянт у цывільным ужо чакаў яго там. Спадар Вайцешык папрасіў яго прадставіцца, але калі міліцыянт адмовіўся, ён пачаў выходзіць з памяшканьня. Тады супрацоўнік міліцыі скруціў актывіста, пры гэтым зьбіўшы яго. Экспэртыза засьведчыла, што Вайцешык атрымаў 22 удары.

Аднак міліцыянт Пахамовіч распавёў суду, што спадар Вайцешык першы пачаў зь ім біцца. Нягледзячы на паказаньні сьведак, суд прыняў бок міліцыянта і прызнаў Аляксандра Вайцешыка вінаватым.

Баранавіцкі грамадзкі актывіст Віктар Сырыца кажа, што ў Аляксандра Вайцешыка гэта ўжо ня першы інцыдэнт з гэтым міліцыянтам:

«Была ж яшчэ ў яго адміністрацыйная справа. Яго штрафавалі на 700 тысяч за непадпарадкаваньне гэтаму ж міліцыянту — Аляксандру Пахамовічу. А цяпер, бачыце, гэта ўжо другая справа — крымінальная. Яго прызналі вінаватым, але ж міліцыянэр яго ва ўласнай хаце стукнуў 22 разы, а ён, баронячыся, — 5 разоў. Чалавек не хацеў ісьці другі раз на дактыляскапію, а яго сілаю хацелі прыцягнуць туды. У хаце тады маці і суседка былі, суседка ўсё чула, што яны там гаварылі, але ж суд стаў на бок супрацоўніка міліцыі», — апавёў Віктар Сырыца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG