Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў стаў беларусам і замарозіў афіцыйныя стасункі Менску і Бішкеку


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, пражыўшы ў Беларусі амаль два гады, атрымаў беларускае грамадзянства.

Пра гэта ўчора паведамілі беларускія СМІ.

Мяркуючы па ўсім, вяртацца на радзіму апальны кіраўнік у агляднай будучыні не зьбіраецца — ёсьць зьвесткі, што сям’я Бакіевых набыла дарагі дом пад Менскам. Паступова да беларускіх рэаліяў прызвычайваюцца і дзеці зрынутага прэзыдэнта — дачка Бакіева вучыцца ў элітнай менскай гімназіі ў мікрараёне Вясьнянка разам з унучкамі Аляксандра Лукашэнкі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў не камэнтуюць сытуацыю з наданьнем грамадзянства Беларусі былому прэзыдэнту Кіргізстану, які абвінавачваецца ў крымінальных злачынствах і якому на радзіме за ўжываньне сілы супраць прыхільнікаў апазыцыі ўвесну 2010 году пагражае турма. У ведамстве кажуць, што інфармацыя пра грамадзянскую прыналежнасьць асобы адносіцца да асабістых зьвестак і не падлягае агучваньню безь ягонай згоды. Між тым, паводле заканадаўства, прэтэндаваць на беларускае грамадзянства чалавек можа толькі пасьля 7 гадоў пастаяннага пражываньня ў Беларусі, а Бакіеў хаваецца тут меней за два гады. Генпракуратура Кіргізстану двойчы патрабавала ад Менску выдачы падазраванага ў злачынстве, аднак беларускі бок насустрач не пайшоў.

Былы міністар замежных спраў Кіргізстану Алікбек Джэкшэнкулаў лічыць, што наданьне грамадзянства Бакіеву істотна ўскладніць узаемныя адносіны паміж Бішкекам і Менскам:

Алікбек Джэкшэнкулаў

Алікбек Джэкшэнкулаў

«На жаль, калі ўсё гэта праўда, то яно зроблена проста незаконна, таму што паміж Беларусьсю і Кіргізстанам няма пагадненьня аб падвойным грамадзянстве. Для таго, каб стаць законна грамадзянінам Беларусі, ён павінен адразу выйсьці з грамадзянства Кіргізстану. А калі ўлады Беларусі выдалі яму грамадзянства, то гэта можа быць нейкае палітычнае рашэньне, і гэта выклікае толькі шкадаваньне. Безумоўна, пасьля таго як у выніку рэвалюцыі Бакіеў знайшоў прытулак у Менску, адносіны Кіргізстану і Беларусі ў пэўнай ступені замарозіліся. І калі зараз усё пацьвердзіцца, то, як я мяркую, гэта ніяк не паслужыць разьвіцьцю нашых двухбаковых адносінаў. І ўвогуле выклікае шкадаваньне наступнае: ёсьць пагадненьне паміж краінамі СНД аб узаемнай юрыдычнай дапамозе. Беларусь не выконвае гэтае пагадненьне, бо не адказвае на запыты нашых праваахоўных органаў адносна выдачы спадара Бакіева».

Паводле зьвестак кіргіскай апазыцыі, Бакіеў ня толькі атрымаў беларускае грамадзянства, але і набывае ў Беларусі маёмасьць. Так, цяпер ён заняты афармленьнем дома пад Менскам, кошт якога нібыта складае 2 мільёны даляраў. У адным зь менскіх агенцтваў нерухомасьці кажуць, што такія кошты могуць быць толькі ў адным месцы — у Драздах, дзе жывуць многія беларускія чыноўнікі і дзе месьціцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

«Нічога дзіўнага, такія кошты сапраўды ёсьць. У прынцыпе, гэта можа быць нават
У нас, груба кажучы, таксама ёсьць свая Рублёўка, дзе кошты даходзяць да такога ўзроўню — Дразды, Піянэрская ...

сам Менск. У нас, груба кажучы, таксама ёсьць свая Рублёўка, дзе кошты даходзяць да такога ўзроўню — Дразды, Піянэрская. У іншых месцах наўрад ці будуць такія цэньнікі, вельмі мала верагодна. Зрэшты, можа быць яшчэ ў напрамку Ждановічаў, там таксама ёсьць невялікі ўчастак дарагіх катэджаў. Натуральна, што такі кошт прадугледжвае і вялікую навакольную тэрыторыю, і адпаведную плошчу самога дома. Іншымі словамі, поўны пакет камфорту. Так што ўпакаваўся наш госьць па максымуме».

Летась на прэс-канфэрэнцыі Курманбек Бакіеў патлумачыў, адкуль у яго грошы на жыцьцё ў Беларусі. Пры гэтым удакладніў, што не сядзіць на шыі ў беларускай дзяржавы, бо ўсе выдаткі аплачвае з уласнай кішэні:

«Майце на ўвазе: я працую з 1985 года кіраўніком. А да 1985-га працаваў на адным з буйных прадпрыемстваў поўдня Кіргізстану галоўным інжынэрам, затым 5 гадоў дырэктарам, горад узначальваў, дзьве вобласьці ўзначальваў, дарэчы, самыя буйныя — Джалалабадзкую і Чуйскую вобласьці. Прэм’ер-міністрам працаваў. Ну, напэўна, у чалавека, які столькі гадоў працаваў кіраўніком, ёсьць нейкія зьберажэньні? І ён можа дазволіць сабе ня толькі прэсавую канфэрэнцыю правесьці, але і на гарбату запрасіць».

Зрэшты, запрашэньня на гарбату журналісты так і не дачакаліся. Як лічыць былы міністар ураду Бакіева Алікбек Джэкшэнкулаў, зрынутаму прэзыдэнту ня вельмі хочацца адказваць на нязручныя пытаньні — перадусім тыя, якія тычацца мільёнаў даляраў, што бясьсьледна зьніклі зь бюджэту краіны:

«Безумоўна, што ў свой час ён мог вывезьці колькі заўгодна грошай. Зараз у яго адзін сын у Беларусі, другі невядома дзе, браты некаторыя таксама ў іншых краінах, таму ўсе яны маглі Бакіеву паспрыяць у гэтым пытаньні. Хоць пакуль што складана знайсьці нейкія канцы, але тое, што гэта грошы, якія ўсплылі ў выніку карумпаваных схемаў і вывезеныя з Кіргізстану — гэта адназначна».

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Бакіевых атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі. На першым часе Бакіевы жылі ў санаторыі, які месьціцца ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку. Аднак летась у верасьні яны перабраліся ў Менск, бо трэба было ісьці ў школу ягонай 9-гадовай дачцэ. Гімназію выбралі адпаведную — там, дзе вучацца і ўнучкі Лукашэнкі. Сёлета ў школу зьбіраецца і малодшы сын Бакіева. У Беларусі Бакіеў хаваецца з другой жонкай. Ад першага шлюбу ў яго два сыны, якіх таксама шукаюць кіргіскія праваахоўныя органы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG