Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС: Менск ня бачыць неабходнасьці ў візыце Маркуса Лёнінга


Міністэрства замежных спраў Беларусі лічыць немагчымым візыт у Менск упаўнаважанага па правах чалавека ўраду Нямеччыны Маркуса Лёнінга.

«На жаль, яго „ўклад“ у беларуска-нямецкія стасункі нельга адзначыць у якасьці пазытыўнага», — заявіла журналістам у чацьвер намесьніца начальніка ўправы інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Прадстаўніца МЗС адзначыла, што беларускі бок не пакінуў без увагі «неаднаразовыя адмовы беларускім афіцыйным асобам — у тым ліку тым, што мелі дзеючыя шэнгенскія візы — якія павінны былі ўдзельнічаць у мерапрыемствах міжнароднага характару».

Лёнінг плянаваў, сярод іншага, перадаць пасланьне кіраўніка МЗС ФРГ кіраўніцтву Беларусі.

«Для перадачы ліста, пра які кажа спадар Лёнінг, у „ганцы“ няма неабходнасьці. Для гэтага існуюць агульнапрынятыя дыпляматычныя каналы. Дарэчы, нямецкі бок імі сёньня скарыстаўся і перадаў ліст», — паведаміла Марыя Ваньшына.

8 лютага ўлады Беларусі адмовілі ва ўезьдзе ў краіну ўпаўнаважанаму ўраду ФРГ па правах чалавека Маркусу Лёнінгу.

«Я вельмі шкадую, што мне ня рады ў Менску», — адзначыў амбудсмэн. Паводле яго, урад ФРГ, тым ня менш, і далей будзе прыкладаць намаганьні для ўмацаваньня правоў чалавека ў Беларусі.

Лёнінг, паводле МЗС Нямеччыны, у трохдзённай паездцы ў Менск павінен быў сустрэцца з актывістамі праваабарончых арганізацый, а таксама перадаць Аляксандру Лукашэнку пасланьне ад міністра замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.

Associated Press са спасылкай на словы Лёнінга паведамляе, што ў лісьце Вэстэрвэле зьмяшчаўся заклік да «гуманітарнага вырашэньня» асобных крымінальных спраў — як мяркуецца, у дачыненьні да палітвязьняў.

Таксама Лёнінг плянаваў наведаць у турме лідэра «Вясны» Алеся Бяляцкага, які асуджаны на чатыры з паловай гады няволі паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад платы падаткаў, паведамляе Washington Post са спасылкай на агенцтва Associated Press.

Маркус Лёнінг ня раз выказваў падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі і заклікаў неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх беларускіх палітвязьняў.
XS
SM
MD
LG