Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік Ельцыну ў Эстоніі паставяць на ахвяраваньні жыхароў.

Заснаванае 39 грамадзкімі дзеячамі і прадпрымальнікамі Эстоніі некамэрцыйнае аб’яднаньне Ініцыятыва Памяці дамовілася з Фондам Ельцына аб тым, што мэмарыяльны знак першаму прэзыдэнту Расіі будзе створаны без фінансавага ўдзелу фонду, выключна на ахвяраваныя жыхарамі Эстоніі сродкі.

Паводле старшыні аб’яднаньня Мяэліса Кубітса, увекавечаньне памяці Барыса Ельцына зьяўляецца ініцыятывай грамадзян Эстоніі, і яго фінансаваньне ажыцьцяўляецца за кошт ахвяраваньняў жыхароў Эстоніі.

«Фонд Ельцына супрацоўнічае з намі і аказвае падтрымку нашаму пачынаньню, але па ўзаемнай згодзе гэтая падтрымка застанецца маральнай. Паколькі нашай мэтай зьяўляецца ўстаноўка сымбалічнага памятнага знака — няхай гэта будзе барэльеф з мэмарыяльнай дошкай, бюст або маленькі помнік — то бюджэт наўрад ці будзе калясальным», — сказаў Кубітс.

Паводле Кубітса, пры ацэнцы дзейнасьці Ельцына варта сыходзіць з таго, што ён зрабіў для Эстоніі. «Зроблена было нямала, ён рызыкаваў ня толькі сваёй кар’ерай, але і жыцьцём. Іншыя матывы і ўчынкі Ельцына на пасадзе кіраўніка дзяржавы ніякім чынам не памяншаюць значэннья яго ўкладу ў бяскроўнае аднаўленьне незалежнасьці Эстоніі ў 1991 годзе», — сказаў Кубітс.

13 студзеня 1991 году ў часе візыту ў Талін Барыс Ельцын, які быў тады старшынём Вярхоўнага Савету РСФСР, сустрэўся з Арнольдам Руйтэлем, старшынём Вярхоўнага Савету Эстонскай ССР. Была падпісаная «Дамова аб асновах міждзяржаўных адносін РСФСР і Эстонскай Рэспублікі». У першым жа артыкуле дакумэнту гаворыцца, што бакі «прызнаюць адзін аднаго сувэрэннымі дзяржавамі і суб’ектамі міжнароднага права, а таксама прызнаюць адзін за адным права рэалізаваць свой дзяржаўны сувэрэнітэт у любых выбраных імі формах».
XS
SM
MD
LG