Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла распачатую беларускім дзяржаўным тэлебачаньнем кампанію паклёпу супраць Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Як вынікае з заявы міжнародных праваабаронцаў, праваабарончая арганізацыя сур’ёзна паставілася да кампаніі, паклёпніцкі характар якой нагадвае працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Цяпер жа на мэце — адзін з самых актыўных цэнтраў незалежнай журналістыкі ва Ўсходняй Эўропе, сказана ў заяве.

Дзейнасьць БАЖ, падкрэсьліваюць праваабаронцы, стала асабліва важнай пасьля таго, як беларускія ўлады ў сьнежні 2010 году жорстка здушылі пратэсты цывільнага насельніцтва і абмежавалі свабоду СМІ. Ціск на прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ працягваўся і летась, калі ў краіне больш за 100 журналістаў былі арыштаваныя і 34 асуджаныя на доўгія тэрміны зьняволеньня. Паводле азначэньня «Рэпартэраў», прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка — адзін з найвялікшых ворагаў свабоды прэсы.

5 лютага ў праграме «Ў цэнтры ўвагі» Беларускае тэлебачаньне зрабіла спробу дыскрэдытаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў.

У фільме кіраўніцтва БАЖ абвінавацілі ў атрыманьні грантаў ад амбасады Вялікай Брытаніі. Былі паказаны дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра гэта, — безь пячатак і подпісаў. Падставай для праграмы быў названы ананімны ліст ад нейкага былога сябра БАЖ, які абвінавачвае асацыяцыю ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў.

У сюжэце пра БАЖ Беларускае тэлебачаньне выкарыстала здымкі схаванай камэрай, падпільноўвала кіраўніка БАЖ на выхадзе з дома і на вуліцы пад сьнегам прасіла пракамэнтаваць нейкія паперы. Стваральнікі праграмы зьвярнуліся таксама да псыхіятра, які па відэа аналізаваў паводзіны чалавека.
XS
SM
MD
LG