Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс справы Бандарэнкі пакуль невядомы. Да яго едуць жонка і адвакат


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Супрацоўнікі магілёўскай калёніі № 15 адмаўляюцца паведамляць вынікі разгляду справы палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі на пасяджэньні камісіі, якая абмяркоўвала магчымыя зьмены рэжыму адбываньня пакараньня зьняволеных.

Пасяджэньне камісіі адбылося 8 лютага ў другой палове дня.

9-га лютага начальнік спэцыяльнага аддзелу калёніі Людміла Гуркова адмовілася паведаміць што-небудзь пра справу Бандарэнка.

У прыёмнай начальніка калёніі Сяргея Маханькова карэспандэнта БелаПАН не злучылі з кіраўніцтвам. Пытаньні такога кшталту варта падаваць у пісьмовым выглядзе і зьвяртацца ў дзень прыёму грамадзянаў, паведамілі ў прыёмнай.

9-га лютага ў калёнію плянуюць прыехаць жонка Бандарэнка Вольга і ягоны адвакат.

Зьміцер Бандарэнка напісаў прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта стала вядома 4 лютага, калі ён патэлефанаваў з калёніі сваёй жонцы Вользе. Палітвязень сказаў, што напісаў прашэньне 1 лютага.

Зьміцер Бандарэнка мае вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. З 30 студзеня ў дачыненьні да яго, хаця Бандарэнка перанёс цяжкую апэрацыю на хрыбетніку, уступілі ў дзеяньне яшчэ больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Яму забаронена карыстацца мыліцай, не дазволены артапэдычны абутак. 2 лютага Бандарэнку вярнулі мыліцу і артапэдычны абутак, дазволілі не хадзіць у шэрагу.

7 красавіка давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

Навіны з жыцьця палітвязьняў — пазьней на сайце «Свабоды» і ў эфіры
XS
SM
MD
LG