Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вышэйшая школа Беларусі ператварылася ў інструмэнт палітычных рэпрэсіяў»


Грамадзкі балёнскі камітэт камэнтуе прапанову выключыць рэктараў ВНУ са сьпісу афіцыйных асобаў, на якіх накладзеныя санкцыі Эўразьвязу.

«Мы ня лічым, што выключэньне без усялякіх умоваў са сьпісаў неўязных рэктараў беларускіх ВНУ можа запусьціць працэс рэфармаваньня вышэйшай адукацыі і прывесьці да вырашэньня пытаньня аб далучэньні Беларусі да Балёнскага працэсу», — гаворыцца ў заяве.

«Рэктары беларускіх ВНУ, якія трапілі ў гэты сьпіс, адказныя ня проста за перасьлед студэнтаў і выкладчыкаў, якія рэалізуюць свае правы на свабоду сходаў, слова, асацыяцый, але яны адказныя за паўторнае пакараньне ахвяр палітычных рэпрэсіяў», — адзначае грамадзкі камітэт.

«Існаваньне чорнага сьпісу рэктараў — гэта сымптом сур’ёзных парушэньняў грамадзянскіх і акадэмічных правоў у сыстэме вышэйшай адукацыі. Вышэйшая школа Беларусі ператварылася ў інструмэнт палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў. Мы канстатуем, што сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека ў беларускіх ВНУ замацоўвае аўтарытарную сыстэму кіраваньня вышэйшай школай, дэманструе поўнае неразуменьне кіраўнікамі ВНУ фундамэнтальных акадэмічных каштоўнасьцяў: унівэрсытэцкай аўтаноміі і акадэмічнай свабоды».

Грамадзкі балёнскі камітэт прапануе карэктаваць і дапаўняць сьпіс неўязных рэктараў на аснове вынікаў маніторынгу выкананьня акадэмічных і грамадзянскіх правоў у кожным асобным ВНУ Беларусі.

Офіс «За дэмакратычную Беларусь» выступае за скарачэньне сьпісу «неўязных» беларускіх чыноўнікаў.

Сутнасьць прапановы — скарэктаваць сьпіс 210 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, на якіх накладзеныя візавыя і фінансавыя санкцыі Эўразьвязу, і скараціць яго прыкладна на 25 чалавек, пераважна за кошт рэктараў ВНУ і асобаў, якія пайшлі ў адстаўку. А таксама дадаць у сьпіс службоўцаў, датычных да справы Бяляцкага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG