Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спэцназ уварваўся ў «Ліцьвінскі клюб»


Некалькі дзясяткаў удзельнікаў сходу «Ліцьвінскага клюбу» былі затрыманыя. Празь некалі гадзінаў іх адпусьцілі з пастарунку без тлумачэньняў.


Адзін з затрыманых Яўген: «Адпусьцілі пасьля таго, як мы правялі набажэнства ў пастарунку»

«Затрыманьне адбывалася дзіўна: калі ўсе дзьверы былі адкрытыя ў будынку, павыбівалі вокны — у 20-градусны мароз выбілі тры шыбы, калі ў памяшканьні былі дзеці, цяжарныя жанчыны. Не прадстаўляючыся, загадалі ўсім сабрацца і паехаць у РАУС, бо нібыта паступіў гарачы званок па лініі „102“, што ў будынку ёсьць наркотыкі. Большасьць былі ў цывільным, адзін — з надпісам „міліцыя“. Ніхто не прадставіліся, усім загадалі ўзьняць рукі ўгору.



У РУУС перапісалі нашы зьвесткі, кіравалі ўсім людзі ў цывільным. Прыехаў намесьнік ГУУС Яўсееў. Пасьля таго, калі мы наладзілі набажэнства ў памяшканьні міліцыі, сьпявалі хвалу Госпаду, Госпад зрабіў цуд, і нас пачалі адпускаць. На працягу гадзіны ўсіх вызвалілі. Некаторых здымалі на відэа.»

Чым займаецца ваш клюб?

«Клюб зьбіраецца і разважае пра розныя літаратурныя і гістарычныя выданьні, пра значных нацыятворных асобаў у гісторыі Беларусі. Сёньня акурат былі 75-я ўгодкі выхаду кнігі Францішка Аляхновіча „Ў кіпцюрох ГПУ“. І для нас усё, што адбылося, было як тэатральная пастаноўка: у кульмінацыйны момант уварваліся людзі, якія пачалі нас рэпрэсаваць.»

**********

Сябры «Ліцьвінскага клюбу» праводзілі штотыднёвы сход інтэлектуальна-рэлігійнага характару. У часе сустрэчы ў прыватны будынак па 3-м Загарадным завулку ў Менску ўварваўся спэцназ.

Паводле інфармацыі аднаго зь лідэраў БХД Віталя Рымашэўскага, усіх затрыманых адвезьлі ў Маскоўскі РУУС Менску. Рымашэўскі, а таксама намесьнікі старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка і Мікола Дземідзенка накіраваліся туды, каб паспрабаваць разабрацца, у чым справа.

Аднаму з затрыманых, немаладому чалавеку Алегу Гаеўскаму стала кепска і ў пастарунку ён папрасіў выклікаць хуткую.

Віталь Рымашэўскі распавёў «Свабодзе», што пры ўварваньні спэцназаўцы спасылаліся на інфармацыю, якая нібыта паступіла да іх, што ў доме вырабляюцца наркотыкі. Да будынку, у якім праходзілі паседжаньні клюбу, прыгналі тры аўтобусы са спэцназам.

«Ліцьвінcкі клюб — дыcкycійныя мoлaдзeвыя cycтpэчы, дзe мы ўжo пяць год aбмяpкoўвaeм poзныя тэндэнцыі, гіcтapычныя пaдзeі, глядзім фільмы і тэaтpaльныя пacтaнoвы і шмaт шмaт ycягo іншaгa», — гаворыцца на афіцыйнай старонцы клюбу ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Паседжаньні клюбу праходзяць штосераду.

Алег Гаеўскі паведаміў з пастарунку: «Усяго нас тут у Маскоўскім РУУС 30 чалавек затрыманых, усе прыстойныя людзі, сядзім ужо 2 гадзіны. Міліцыя высьветліла нашыя асобы, але ні ў чым не абвінавачваюць. Увогуле незразумела, чаму нас затрымалі, чаму пабілі ў будынку шкло, калі ўрываліся, дзьверы ж былі адчыненыя».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG