Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Славаччыны Івэта Радзічава намінавала беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году.

У лісьце, накіраваным у Нобэлеўскі камітэт, Радзічава адзначыла сумленнасьць і сьмеласьць Бяляцкага, які вярнуўся на радзіму, нягледзячы на тое, што ведаў аб тым, што яму будуць выстаўленыя абвінавачаньні, паведамляе газэта Wall Street Journal.

У студзені дэпутаты Польскага сэйму вылучылі Бяляцкага на прэмію міру. Намінацыйны ліст на вылучэньне беларускага праваабаронцы на Нобэлеўскую прэмію накіравалі ў Осла і пяцёра дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Да агульнай кампаніі далучылася і Шырын Эбадзі — іранская адвакатка, якая атрымала Нобэлеўскую ўзнагароду ў 2003 годзе. Яна таксама даслала свой намінацыйны ліст у Осла.

Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца штогод 10 сьнежня — у гадавіну сьмерці Альфрэда Нобэля — палітычным лідэрам і актывістам. Ляўрэатамі гэтай прэміі ў розныя гады былі духоўны лідэр Далай-Лама, савецкі дысыдэнт Андрэй Сахараў, прэзыдэнт ЗША Барак Абама ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG