Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьніжаецца на 2 працэнты


Стаўка рэфінансаваньня з 15 лютага зьніжаецца на 2 працэнтныя пункты — да 43% гадавых.

Такое рашэньне зьмяшчаецца ў пастанове Праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі № 35 ад 7 лютага 2012 году.

«Зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня дасьць магчымасьць зьнізіць крэдытную нагрузку на пазычальнікаў. Пры гэтым умовы па прапанаваных банкамі рублёвых укладах насельніцтва па-ранейшаму забясьпечаць істотна вышэйшую даходнасьць у параўнаньні з дэпазытамі ў замежнай валюце і чаканым узроўнем інфляцыі», — заявілі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку.

Далейшая дынаміка стаўкі рэфінансаваньня будзе залежаць ад сытуацыі, якая складаецца ў грашова-крэдытнай сфэры і эканоміцы ў цэлым.

«У апошнія месяцы назіраюцца ўстойлівыя пазытыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сфэры Беларусі», — падкрэсьлілі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку. Інфляцыйныя працэсы замарудзіліся, рост спажывецкіх цэн у сьнежні 2011 — студзені 2012 году зьнізіўся да ўзроўню каля 2% у месяц. У выніку павелічэньня прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку застаецца стабільным курс беларускага рубля. Назіраецца ўстойлівы рост рублёвых дэпазытаў у банках, у першую чаргу тэрміновых укладаў насельніцтва.

Па меры ўмацаваньня пазытыўных тэндэнцыяў Нацыянальны банк плянуе прадоўжыць паступовае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня і агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы", — паведамілі БелТА ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку.
XS
SM
MD
LG