Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы кіраўнікі малаадукаваныя, безыніцыятыўныя... Дзе толькі Лукашэнка іх знаходзіць?»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 8 лютага 2012 году

Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды», — недавер да мясцовай улады. Не магу згадаць, калі апошнім часам мы атрымлівалі лісты, аўтары якіх хвалілі б кіраўнікоў мясцовай «вэртыкалі» за гаспадарлівасьць і ўвагу да людзкіх патрэбаў. А вось нэгатыўныя прыклады слухачы дасылаюць вельмі часта.

З аднаго такога допісу і пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Іван Кавалёў з Воршы піша:

«Напрыканцы мінулага году мясцовае тэлебачаньне паказала сэсію гарсавету. Сумнае, ганебнае, вартае жалю відовішча. Старшыня гарвыканкаму Лісоўскі чытае даклад-справаздачу, не паднімаючы вачэй ад тэксту. Бубніць нешта сабе пад нос. Нават ужо хворы Леанід Ільіч Брэжнеў на зьездах ды пленумах выступаў значна больш эмацыйна. Рэакцыя ў залі — адпаведная. Адны дэпутаты панура маўчалі, іншыя проста драмалі.

Нарэшце вынік падвёў намесьнік старшыні аблвыканкаму Навіцкі: Ворша — датацыйны горад, большасьць прадпрыемстваў — стратныя, пэрспэктывы — цьмяныя... Цікава, хто ж да гэтага давёў? Раней, у СССР, Ворша была пасьпяховым прамысловым горадам. Ільнокамбінат, „Лягмаш“, „Чырвоны Барацьбіт“, інструмэнтальны завод, сылікатны — усе прыносілі прыбыткі. А сёньня чамусьці — адны страты.

Ня толькі я думаю, што гораду проста не шанцуе на кіраўнікоў. Малаадукаваныя, безыніцыятыўныя, бяз творчага падыходу, бязь яркіх ідэяў... Дзе толькі Лукашэнка такіх знаходзіць? Ад людзей жа нічога не схаваеш. Мы ж бачым, хто кіруе намі. То нячысты на руку, то выпівоха, то лайдак, то жулік... Што абуральна — нават цалкам заваліўшы працу, яны не зьнікаюць. Як правіла, усплываюць то ў якім-небудзь Савеце, то ў Палаце прадстаўнікоў, становяцца дэпутатамі. Да чаго ж мы дойдзем з такім кіраўніцтвам?»
.

Такая, спадар Іван, сыстэма ўлады ў Беларусі. Кіраўнік раёну, гораду, вобласьці сваёй службовай кар’ерай абавязаны выключна адной усім вядомай асобе, якая яго на гэтую пасаду прызначыла. Ад думкі мясцовых жыхароў начальнік гораду залежыць мала. Не яны яго абіраюць, не яны звальняюць. Ня перад імі ён трымае справаздачу. Так што грамадзкая думка яго мала абыходзіць. Галоўнае, каб быў задаволены адзін галоўны візытэр, да прыезду якога ўздоўж усёй трасы фарбуюць платы, тынкуюць сьцены і кладуць асфальт. І што з таго, што потым праз гэтае марнатраўства жыхары іншых раёнаў гораду патанаюць у гразі альбо ня могуць адрамантаваць дахі, бо ў мясцовым бюджэце не засталося грошай?

Аўтар наступнага ліста — Васіль Завадзкі з Маладэчна — разважае пра тое, ці магчымы байкот хакейнага чэмпіянату сьвету, які павінен адбыцца ў Менску ў 2014-м годзе. Слухач піша:

«Нягледзячы на ўсе заявы і запэўніваньні, што чэмпіянат абавязкова адбудзецца ў Беларусі, асабіста мяне не пакідае прадчуваньне: нешта тут павінна здарыцца. Злучаныя Штаты, Канада, Нямеччына, Польшча — ды фактычна ўвесь цывілізаваны сьвет цісьне на Лукашэнку, патрабуе неадкладнага вызваленьня палітвязьняў. А з гэтымі краінамі жарты кепскія, яны слоў на вецер ня кідаюць.

Мне здаецца, можа здарыцца так, што яны ў апошні момант проста абвесьцяць пра байкот менскага чэмпіянату. Так, як здарылася з маскоўскай Алімпіядай у
1980-м годзе, калі многія заходнія краіны не прыслалі свае каманды.

Памятаю, я тады якраз ехаў цягніком у Маскву, пачуў абвестку па радыё — і проста ня верыў уласным вушам. А гэта ж быў пратэст супраць уводу савецкіх войскаў у Аўганістан. Туга тады прыйшлося камуністычным уладам — хоць ты Гульні закрывай. Праўда, краіны Варшаўскай дамовы сваіх спартоўцаў прыслалі. Здаецца, толькі палякі адмовіліся ехаць (калі мне памяць ня здраджвае). У той час нас камуністычныя лектары пераконвалі, што ва ўсім вінаватыя імпэрыялісты, што яны — ворагі простага народу, на няшчасных рабочых конна езьдзяць, прыгнятаюць як могуць. Усе гэтыя Ракфэлеры, Форды — крывасмокі і паразыты на целе працоўнага народу.

Потым, праўда, мы даведаліся, што тыя няшчасныя ахвяры капіталістычнай эксплюатацыі на працу на ўласных аўто езьдзяць, што такое дэфіцыт тавараў — ня ведаюць, у чэргах па каўбасу не стаяць. А ў перабудовачны пэрыяд мы куплялі іхныя абноскі і яшчэ радаваліся пры гэтым»
.

Тады, у 1980-м годзе, да байкоту далучыліся многія краіны. У маскоўскай Алімпіядзе ня ўдзельнічалі каманды ЗША, Заходняй Нямеччыны, Японіі, Канады, Паўднёвай Карэі... Спартоўцы большасьці заходнеэўрапейскіх краін вымушаны былі выступаць не пад нацыянальным сьцягам, а пад сьцягам Міжнароднага алімпійскага камітэту. Усяго ўдзел у Гульнях-80 не ўзялі прадстаўнікі 65 дзяржаў. Усе краіны Варшаўскай дамовы свае каманды на маскоўскую Алімпіяду прыслалі, і Польшча не была выключэньнем (тут ваша памяць, спадар Васіль, падвяла). З сацыялістычных краін тую Алімпіяду байкатаваў Кітай: у яго тады былі напружаныя адносіны з Савецкім Саюзам.

Аўтар наступнага ліста Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну зьвярнуў увагу на спробы апазыцыйных партый дамовіцца наконт супольнай стратэгіі падчас выбарчай кампаніі, што мае адбыцца сёлета. Спробы гэтыя слухач ацэньвае скептычна. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Вынік гэтай сустрэчы апазыцыянэраў асабіста для мяне быў прадказальны задоўга да самой сустрэчы (як, зрэшты, відавочны і вынік саміх так званых «выбараў»). Чарговы раз у тэатры абсурду хочуць сыграць заежджаную п’еску. Ролі даўным-даўно разьмеркаваныя, дзейныя асобы вядомыя, дэкарацыі гатовыя. Калі хто забыў, дык вось вам кароткі пераказ імпрэзы. Дзея першая. «Байкот выбарам» — крычаць адны. «На выбары трэба ісьці!» — пярэчаць другія. Пачынаюцца ўзаемныя папрокі, абвінавачаньні, высьвятленьні, хто большы апазыцыянэр, хто больш радыкальны. Першыя парасткі бачны ўжо сёньня: валтузьня пачалася. А далей будуць складаныя хады і камбінацыі, імітацыя бурнай дзейнасьці... Пакуль нарэшце на сцэне ня зьявіцца дзейная ўлада са сваім адвечным дэвізам «А Васька слухае ды есьць». Вось яна цудоўна ўсьведамляе, што робіць і дзеля чаго.

У антракце прагучаць заявы ЗША, ня выключаны заахвочвальны крэдыт МВФ ці Эўразьвязу, вызваленьне маральна зламаных палітвязьняў. Ну, і апагей усяго, зразумела, — самі выбары, іхная імітацыя. Улада зноў паспрабуе падаць іх як максымальна адкрытыя, сумленныя, дэмакратычныя. А апазыцыя паспрабуе задоўга да закрыцьця выбарчых участкаў вывесьці людзей на плошчу, будзе крычаць, што людзей падманулі, «кінулі».

У выніку — брутальны разгон, просты люд — у турмах. А лідэры празь які тыдзень п’юць гарбату ў офісе Эўразьвязу ды скардзяцца на горкую долю...

Можа, хопіць, мужыкі? Колькі можна дурыць галаву сабе ды іншым? Ідзем на выбары — не ідзем на выбары, здымаем кандыдатаў за гадзіну да выбараў... Няўжо цяжка прыйсьці да адной думкі? 10 кандыдатаў у прэзыдэнты мы ўжо мелі, ведаем, чым гэта канчаецца. Сабраць бы ўсіх шасьцёх лідэраў так званых апазыцыйных партый, пасадзіць на хлеб ды ваду, зачыніць на ключ — і не выпускаць, пакуль не дамовяцца. Які сэнс удзелу ў гэтым фарсе, калі вядома, што ніхто тыя галасы ня лічыць і ніхто ня мае магчымасьці кантраляваць працэс падліку?

Выбачайце, Валянцін, за такі тон ліста, але за 18 год набалела. І рады б напісаць пра мужную, разумную, моцную апазыцыю — ды вось у галаву нічога не прыходзіць«
.

Іншай апазыцыі, спадар Аляксей, узяцца няма адкуль. Такое ў сёньняшняй Беларусі грамадзтва, такая ў гэтага грамадзтва сьвядомасьць, такіх лідэраў яно генэруе...

Зрэшты, перабольшваць значэньне рашэньняў пра ўдзел у выбарах, якія прымаюцца (ці не прымаюцца) на такіх сходах, наўрад ці варта. Рэйтынгі апазыцыйных лідэраў нязначныя, многія людзі нават ня ведаюць іхных імёнаў, ніколі ня бачылі і ня чулі. Між тым ідэя байкоту лунае ў сёньняшняй беларускай атмасфэры. Вялізнай колькасьці людзей надакучыла, што зь іхнай думкай ня лічацца, што выбары ператвораны ў фарс, што дэпутатаў не выбіраюць, а прызначаюць. У такіх умовах байкот можа адбыцца нават бязь дзейснага ўдзелу тых ці іншых апазыцыйных лідэраў.

На заканчэньне — ліст ад Мікалая Хільтова зь Менску. Спадара Мікалая турбуе лёс палітвязьняў. І дзеля іхнага як найхутчэйшага вызваленьня ён прыклаў нямала намаганьняў. Слухач піша:

«Вельмі хацелася б, каб Радыё Свабода паведаміла Паўлу Севярынцу ці ягоным бацькам (адрасы якіх я, на жаль, ня ведаю), што я асабіста прасіў спадара Мясьніковіча адпусьціць Паўла напярэдадні Новага году з „хіміі“ дахаты, каб ён мог адведаць родных. Цяпер ужо вядома, што мая просьба была выканана часткова. Але і гэта добра. Я быў вельмі ўзрушаны, калі неяк размаўляў з Паўлам каля Камароўкі. На разьвітаньне моцна паціснуў яму руку. Такая сіла духу, такі тэмпэрамэнт, відаць, толькі ў Зянона Станіслававіча Пазьняка — нашага апостала, за якім не гатовы быў пайсьці народ, задурманены бальшавіцкім мінулым і камуністычнай ідэалёгіяй.

Зьвяртаюся таксама на Радыё Свабода з просьбай. Вельмі прыемна і цікава было слухаць перадачы пра нашага славутага сьпевака Данчыка. Можа, у вас захавалася якая-небудзь магнітафонная касэта з запісамі песень Данчыка. Менавіта касэта, а ня дыск. Справа ў тым, што я ўжо стары чалавек. Новую тэхніку пры цяперашніх нашых пэнсіях дазволіць сабе не магу, а вось старэнькі касэтны магнітафон маю»
.

Пакорпаўшыся ў сваіх архіўных шуфлядах, мы знайшлі некалькі касэт з запісамі песень Данчыка, зробленымі ў 80–90-х гадах. Вельмі рады, спадар Мікалай, што зможам выканаць гэтую не зусім звычайную просьбу для вас, нашага шматгадовага слухача і аўтара многіх лістоў на «Свабоду».

Спадзяюся таксама, што гэтую перадачу пачуюць у сям’і Севярынцаў і даведаюцца пра вашы высілкі дзеля вызваленьня Паўла. Праўда, цяжка сказаць, наколькі просьба, адрасаваная прэм’еру Мясьніковічу, паўплывала на тое, што «палітхіміку» Севярынцу далі навагодні адпачынак. Справамі палітвязьняў у Беларусі займаецца зусім ня ўрад, і прэм’ер Мясьніковіч да гэтых праблемаў мае хіба што ўскоснае дачыненьне. Ну, але важна найперш тое, што вы не сядзелі склаўшы рукі і знайшлі спосаб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG