Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: Мядзьведзеў мае сустрэцца зь несыстэмнай апазыцыяй


Зьлева направа: лідэры расейскага пратэставага руху Ўладзімер Рыжкоў, Барыс Нямцоў, Сяргей Пархоменка

Зьлева направа: лідэры расейскага пратэставага руху Ўладзімер Рыжкоў, Барыс Нямцоў, Сяргей Пархоменка

Газэта «Ведомости» паінфармавала сёньня, што прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў зьбіраецца сустрэцца 20 лютага з прадстаўнікамі несыстэмнай расейскай апазыцыі. Мяркуецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел лідэры незарэгістраваных партыяў — 5–7 чалавек.

Паводле крыніцы выданьня ў Крамлі, афіцыйнай нагодаю для сустрэчы стане прыняцьце двух прэзыдэнцкіх законапраектаў, якія палягчаюць рэгістрацыю новых партыяў і вызваляюць іх ад збору подпісаў на парлямэнцкіх выбарах. Плянаваную сустрэчу суразмоўца газэты «Ведомости» называе «пачаткам дыялёгу з Балотнай».

Менавіта лідэры несыстэмнай расейскай апазыцыі — Уладзімер Рыжкоў, Барыс Нямцоў і Сяргей Удальцоў — былі арганізатарамі мітынгаў і шэсьця на Балотнай плошчы і праспэкце Сахарава ў Маскве.

Пакуль што запрашэньне на сустрэчу зь Мядзьведзевым пацьвердзілі лідэр Партыі справы Канстанцін Бабкін і кіраўнік Расейскага агульнанароднага саюзу Сяргей Бабурын — яны выказалі гатовасьць да дыялёгу з уладаю.

Паводле Барыса Нямцова, яго на сустрэчу яшчэ ніхто не запрашаў, а калі запросяць, то ці пойдзе ён туды, будзе залежаць ад фармату сустрэчы. Нямцоў лічыць, што калі сустрэча з прэзыдэнтам — гэта пачатак дыялёгу з Балотнай, то ўсе пытаньні варта абмяркоўваць публічна, а ня весьці сэпаратныя перамовы. У адваротным выпадку ўсё гэта можна расцэньваць як спробу раскалоць пратэставы рух.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG