Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікам не спадабаўся значок пра фашызм


Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

Гомельскі грамадзкі актывіст Уладзімер Няпомняшчых зьвярнуўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Гомеля з просьбай аднавіць яму статус індывідуальнага прадпрымальніка.

«Неўзабаве мне прыйшлося даваць тлумачэньне ўчастковаму, чаму я на куртцы нашу значок з надпісам: «Добры дзень! Фашызм!», – апавёў спадар Няпомняшчых.

Тлумачэньні на гэтым ня скончыліся. У эканамічным аддзеле, куды Ўладзімер прыйшоў забраць паведамленьне наконт прысваеньня яму ўліковага нумару падаткаплатніка, спэцыяліст па працы з прадпрымальнікамі Алена Домчанка адмовілася вярнуць дакумэнт. Ёй прыйшоўся не даспадобы вышэйзгаданы значок – яна абуралася: «Што гэта вы носіце?»

«Спэцыялістка дэманстратыўна пакінула кабінэт, ня выслухаўшы нават маіх тлумачэньняў», – кажа Ўладзімер.

Прадпрымальнік стаў чакаць, заявіўшы, што ня сыдзе зь месца, пакуль не атрымае патрэбную яму паперчыну. Урэшце дакумэнт Няпомняшчых адшукала на стале Домчанкі іншая супрацоўніца й вярнула прадпрымальніку.

Уладзімер запатрабаваў кнігу скаргаў і пад №1 напісаў заўвагу на чатырох старонках. Адначасова ён паставіў пытаньні, чаму спадарыня Домчанка не абуралася, калі Аляксандар Лукашэнка нахвальваў Гітлера, заявіўшы наступнае: «Парадкі, устаноўленыя ў фашыстоўскай Германіі, адпавядаюць нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі». «Чаму спадарыня Домчанка не абуралася, калі мяне аштрафавалі на 350 000 рублёў за майку: «Далоў фашызм!»?»

Няпомняшчых таксама пытаўся, чаму спэцыялістка адміністрацыі не абураецца, калі невядомыя брытагаловікі ў цывільным «без усялякіх апазнавальных знакаў» хапаюць людзей на плошчах, кідаюць у аўтамашыны «без нумарных знакаў» і вязуць невядома куды; калі ў турэмныя засьценкі кінутыя нявінныя грамадзяне, такія, як Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка, Зьміцер Дашкевіч ды многія іншыя.

Патлумачыў Уладзімер у кнізе скаргаў і сэнс надпісу на значку. Паводле яго, «Добры дзень! Фашызм!» – гэта не вітаньне пачварнай зьяве ў грамадзтве, а канстатацыя таго, што «ў Беларусь прыйшоў фашызм».
XS
SM
MD
LG