Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі абласны суд адмовіў выдаўцу «Крывінкі»


Георгі Станкевіч

Георгі Станкевіч

Георгі Станкевіч напісаў скаргу пра парушэньне ягоных правоў на абарону і на карыстаньне роднай мовай у Бешанковіцкім райсудзе. Але абласны суд вырашыў, што гэта неістотныя парушэньні.

Судзьдзя Ірына Смалякова, якая 8 лютага разьбірала касацыйную скаргу Георгія Станкевіча, рэдактара і выдаўца незалежнай газэты «Крывінка», пакінула рашэньне раённага суду бязь зьменаў.

Спадар Станкевіч хацеў аспрэчыць штраф памерам 1 400 тысяч рублёў, вынесены яму за парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі:

«Мяне абвінавацілі ў тым, што я незаконна распаўсюджваю газэту, якую выдаю невялікім накладам на ўласныя сродкі. Абвінавацілі паводле ананімнага „сыгналу грамадзкасьці“, прадстаўнікі якой нібыта незадаволеныя тым, што да іх 5 лістапада трапіла мая газэта. Бараніцца ў судзе мне не далі магчымасьці: суд быў прызначаны ў апошні дзень перад тым, як сыходзіць тэрмін даўнасьці па адміністрацыйным парушэньні. Яго прызначылі тэрмінова, і адвакат, за паслугі якога я ўжо заплаціў, якраз у гэты дзень быў заняты. Перанесьці пасяджэньне судзьдзя Вольга Белавус не пагадзілася».

Спадар Станкевіч нагадаў, што і наяўнасьць перакладчыка ў судзе была толькі намінальная. Бо запрошаная настаўніца беларускай мовы не ўпраўлялася і некалькі разоў казала: «Я не магу гэта перакласьці».

Гэтыя парушэньні абласны суд прызнаў неістотнымі і не пагадзіўся задаволіць просьбу Георгія Станкевіча, каб перагледзець ягоную справу ў іншым судзе.

На дзеяньні судзьдзі Вольгі Белавус спадар Станкевіч падаў скаргу старшыні Бешанковіцкага райсуду і ва ўправу юстыцыі. А пастанову пра штраф мяркуе аспрэчваць далей — у Вярхоўным судзе.
XS
SM
MD
LG