Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У партыі «Единая Россия» называюць правакацыяй сьцьвярджэньне, што некаторыя ўдзельнікі мітынгу ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Уладзіміра Пуціна прыйшлі 4 лютага на Паклонную гару пад ціскам або за грошы. Аднак ёсьць людзі, якія пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.

7 лютага ў рэдакцыю Радыё Свабода патэлефанаваў чалавек, які займаецца зборам актораў для масавых сцэн, і паведаміў, што па замове ад партыі «Адзіная Расія» яго людзі ўдзельнічалі ў мітынгу на Паклоннай гары. За гэта ім абяцалі заплаціць 500 рублёў, аднак сваіх грошаў людзі не атрымалі. Ашуканы брыгадзір зьвярнуўся ў рух «Дэмакратычны выбар». Яму параілі распавесьці сваю гісторыю журналістам. Кажа Сяргей Марозаў, які прадставіўся карэспандэнту Радыё Свабода «брыгадзірам па акторах масавых сцэн»:

— 2 лютага я атрымаў заказ на правядзеньне мітынгу ад Жэні, які працуе ў «Единой России». Мне трэба было сабраць 250 чалавек. Людзям далі ўстаноўку: аплата 500 рублёў на кожнага, сюды ж увайшлі «брыгадзірская». Пасьля заканчэньня мітынгу заплацілі за ўсё 85 людзям, 160 чалавек засталіся без аплаты працы. Раз мітынг абяцалі праплаціць, але не зрабілі гэтага — гэта ўжо недапрацоўкі «Единой России». Вельмі шмат пасярэднікаў. Па факце я даведаўся, што кошт мітынгу быў 1500 на чалавека. Але маім людзям плацілі па 500 рублёў. Мабыць, кіраўніцтва «Единой России» несумленна ставіцца да сваіх выбаршчыкаў ...

Па словах Сяргея Марозава, зьвязацца з заказчыкам ад «Единой России» так і не ўдалося, партыя сваё дачыненьне адмаўляе, а дакумэнтальных пацьверджаньняў замовы ў Сяргея Марозава няма.



У «Единой России» абверглі інфармацыю аб тым, што партыя нейкім чынам зьбірала людзей на мітынг на Паклоннай гары.

Тым часам, расейская Грамадзкая палата падвяла вынікі працы тэлефонаў даверу для выкладчыкаў.

Высьветлілася, што паступіла каля дзьвюхсот скаргаў ад настаўнікаў на тое, што іх прымушалі ўдзельнічаць у мітынгу 4 лютага на Паклоннай гары. Мэханізмы прымусу былі розныя: камусьці пагражалі звальненьнем або дысцыплінарным спагнаньнем, камусьці абяцалі адгул. Акрамя таго, як паведамляюць прадстаўнікі Грамадзкай палаты, да іх паступалі званкі і ад работнікаў іншых бюджэтных арганізацый.
XS
SM
MD
LG