Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргія здароўя: 29 парадаў у лютым

Амэрыканскія экспэрты прааналізавалі найбольш шматабяцальныя дасьледаваньні 2011 году ў галіне здароўя, мэдыцыны і ладу жыцьця. Кожны лютаўскі дзень мы друкуем адну кароткую параду, якая дапаможа вам скінуць лішнюю вагу, змагацца са стомай, палепшыць сацыяльныя кантакты — жыць лепш і заставацца здаровым. Цалкам тэксты зьмешчаны ў лютаўскім нумары тыднёвіка «Reader’s Digest».

Хуткія прагулкі, паводле амэрыканскага дасьледніка Артура Крэймэра, карысныя ня толькі для цела, але і для мазгоў, а кажучы дакладней — для захаваньня добрай памяці. Чаму? А таму, што фізычная актыўнасьць запыняе зьмяншэньне той часткі мозгу, якая завецца гіпакампам.

Гіпакамп — частка мозгу, якая адыгрывае ключавую ролю ў працэсе запамінаньня. Калі ў чалавека мала актыўны лад жыцьця, яго гіпакамп штогод зьмяншаецца на 1-2 адсоткі. У выніку, зь цягам гадоў узрастае рызыка маразму і дэмэнцыі.

Досьледы Крэймэра паказалі, што ў дарослых людзей, якія тры разы на тыдзень хадзілі на жвавыя шпацыры працягласьцю 45 хвілінаў, згаданы гіпакамп пабольшаў за год на 2 адсоткі, гэткім чынам адварочваючы працэс зьмяншэньня, зьвязаны са старэньнем арганізму.

Крэймэр лічыць, што пачаць практыкаваньні, якія памяншаюць рызыку маразму, ніколі ня позна: добраахвотнікі ў ягоных досьледах мелі ад 55 да 80 гадоў і ніколі раней не займаліся падобнымі фізычнымі практыкаваньнямі.

«Усё, што прысьпешвае біцьцё вашага сэрца, прыгоднае для гэтай мэты. Шпацыр — знакамітая ідэя» — кажа Крэймэр наконт таго, як бараніцца перад стратай памяці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG