Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: улады перапрасілі за пашкоджаныя могілкі


Пінскія ўлады і камунальнікі папрасілі прабачэньня ў польскай каталіцкай грамады гораду за нанесеную шкоду каталіцкім могілкам ХІХ стагодзьдзя. Падчас падрэзаньня дрэваў камунальнікі пашкодзілі там некаторыя помнікі.

Прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі па факце апаганьваньня камунальнікамі каля 20 магілаў напісалі скаргі ў Пінскі гарвыканкам і ЖКГ. Улады прызналі гэты факт і паабяцалі ў далейшым праводзіць любыя працы на могілках сумесна з польскай грамадою.

Пінскі краязнаўца Эдвард Злобін распавёў, што могілкі ХІХ стагодьдзя вельмі каштоўныя ў гістарычным пляне. Там пахаваныя вядомыя ў Беларусі дзеячы, сярод якіх прадстаўнікі шляхецкіх родаў Ордаў, Агінскіх, Скірмунтаў.

Пры гэтым, зьвярнуў увагу Эдвард Злобін, сёлетні вандалізм камунальнікаў быў ня першы на старых могілках. У 2007 годзе ў Пінску быў падобны скандал, калі камунальнікі, падразаючы дрэвы, пашкодзілі 42 пахаваньні.

Эдвард Злобін перакананы, што могілкі варта было б уключыць у сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. Краязнаўца лічыць, што пасьля гэтага такія здарэньні там ня будуць паўтарацца.
XS
SM
MD
LG