Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пачаў цягаць апазыцыянэраў


Актывістку кампаніі «Наш дом» Яніну Лясьнеўскую выклікалі ў Аршанскі сьледчы камітэт, «каб атрымаць тлумачэньні» пасьля ўчорашняга ператрусу.

Дзяўчына скарыстала 27 артыкул Канстытуцыі — адмовілася сьведчыць супраць сябе.

Пасьля ператрусу Яніну папярэдзілі, што яна мусіць зьявіцца ў сьледчы камітэт, і сёньня позву для яе ўручылі бацьку актывісткі.

Лясьнеўская: «Пра тое, што я магу нічога не казаць, мне нагадаў сам сьледчы. Артыкул 27 дазваляе грамадзяніну адмовіцца даваць паказаньні супраць самога сябе, і я нічога не казала. Толькі пацьвердзіла свае асабістыя дадзеныя. Ніякага пратаколу „тлумачэньняў“ таксама не складалася. У мяне такое ўражаньне, што і справы наконт друкаваных матэрыялаў, якія распаўсюджваюцца ад імя кампаніі „Наш дом“, няма. І цалкам незразумела, чаму ў хату, дзе я жыву з бацькамі, зьявіліся з пастановай на агляд жытла».

Увечары 6 лютага супрацоўнікі гарадзкога аддзелу міліцыі прыйшлі да актывісткі кампаніі «Наш дом» з пастановай на агляд жытла. Як было напісана ў пастанове, «нявысьветленая асоба займаецца рассылкай друкаваных матэрыялаў на адрас органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь з парушэньнем нормаў дзейнага адміністрацыйнага заканадаўства, а менавіта часткі 2 артыкула 22.9 („Парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі“). Падчас праверкі з паштовых аддзяленьняў Воршы была сканфіскавана вялікая колькасьць аднолькавых паштовых канвэртаў з друкаванымі матэрыяламі, прызначаных для распаўсюду па органах унутраных спраў на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Пасьля агляду хаты, дзе жыве Яніна Лясьнеўская, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі 100 асобнікаў газэты «Витебский курьер», некалькі дзясяткаў чыстых канвэртаў, паштоўку зь лягатыпам кампаніі «Наш дом» і кніжку-маляванку «Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы». У ёй расказваецца пра тое, што супрацоўнікі міліцыі неапраўдана жорстка абыходзяцца з затрыманымі жанчынамі. Актывісты кампаніі «Наш дом» рассылалі такія маляванкі па міліцэйскіх пастарунках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG