Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лютага спаўняецца 20 гадоў з выхаду першага нумару «Белорусской деловой газеты», аднаго зь першых аўтарытэтных недзяржаўных СМІ.

Праз «БДГ» прайшлі такія вядомыя журналісты, як Павал Шарамет, Сьвятлана Калінкіна, Юры Дракахруст, Аляксандар Фядута, Андрэй Махоўскі, Валянцін Жданко, Ірына Халіп, Вадзім Сяховіч, Сяргей Сацук ды іншыя.

Заснавальнікам і выдаўцом «БДГ» стала выдавецкае прыватнае прадпрыемства «Марат», дырэктарам якога быў Пётар Марцаў. Ён кажа, што ўсё ляжала на паверхні — пачыналася новая эканоміка, чакаліся рынкавыя рэформы:

Пётар Марцаў

Пётар Марцаў

«У той час я ўжо меў досьвед працы ў расейскім „Коммерсанте“, з самага пачатку яго існаваньня. І прыйшла ідэя зрабіць аналяг „Коммерсанта“ ў Беларусі. Уклаў свае грошы, і 4 банкі спансіравалі праект — „Беларусбанк“, „Прыёрбанк“, „Пошук“ і „Дукат“. Калі пераводзіць на цяперашнія грошы, усяго атрымалася прыкладна 20 тысяч даляраў. Сьмешна… Зараз за 20 тысяч даляраў газэту ня зробіш».

З кадрамі праблемаў не было, кажа Пётар Марцаў. У БелТА разам зь ім працавалі Аляксандар Вальвачоў, Аляксандар Міхальчук, далучыліся Раман Якаўлеўскі, Ігар Высоцкі. Ну, а потым людзі самі пачалі знаходзіцца:

«Я ўжо разумеў, што мне трэба рабіць стаўку на маладых. Іх прасьцей перавучыць, чым так званых савецкіх журналістаў, якія займаліся прапагандай і „мастацкім сьвістам“. Сталі падбіраць менавіта маладых людзей. Некаторыя зь іх наагул раней да журналістыкі дачыненьня ня мелі — гісторыкі, эканамісты… Потым пайшлі кіты. Кадравая палітыка ў „БДГ“ была добрай».

Сьвятлана Калінкіна прыйшла ў «БДГ» у 1995-м зь Беларускага тэлеграфнага агенцтва, з пасады палітычнага аглядальніка, калі зразумела, што працаваць у дзяржаўнай прэсе з прыходам Лукашэнкі стала немагчыма:

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

«Праца адрозьнівалася, як неба і зямля. На мой погляд, БДГ — ва ўсіх сэнсах цікавы праект, як выданьне, як задумка, як СМІ, як калектыў, людзі. Гэта праект, які разьвіваўся, зьяўляліся розныя дадаткі — газэта „Імя“, дадатак „Для службовага карыстаньня“. На маёй памяці і ў маім асабістым лёсе гэта пэрыяд ідэй, захапленьня, надзей і нейкага такога росквіту. Пасьля БДГ ніводзін праект у Беларусі так пасьпяхова не разьвіваўся».

Павал Шарамет

Павал Шарамет

Павал Шарамет быў шчасьлівы, калі яго запрасілі працаваць у «БДГ». А той год, калі быў галоўным рэдактарам, ён лічыць адным з самых сьветлых пэрыядаў свайго жыцьця, хоць для газэты гэта быў надзвычай складаны час:

«Тады Лукашэнка пачаў на нас першую атаку. Менавіта тады мы вымушаныя былі эміграваць і выдаваць газэту ў Літве. Але там быў цудоўны калектыў. Адтуль, з БДГ, вырасьлі клясныя журналісты. Той час, тая БДГ застанецца для мяне найлепшым часам і найлепшай газэтай».

Літаратуразнаўца і журналіст Аляксандар Фядута кажа, што ў яго жыцьці было два пэрыяды, калі ён працаваў і быў сапраўды шчасьлівы: калі быў настаўнікам у гарадзенскай школе № 20 і калі працаваў у «БДГ».

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

«Гэта быў выдатны час, бо я мог пісаць тое, што лічыў сапраўды слушным. Я мог казаць тое, што думаю. Нада мной не было цэнзара. Я працаваў з выдатнымі рэдактарамі: з Аляксандрам Вальвачовым, з Паўлам Шараметам, са Сьвятланай Калінкінай. Там я даведаўся на прыкладзе працы Валянціна Жданко і Аляксандра Міхальчука, што такое рэдактар, які скарачае твой тэкст нават не па словах, а па літарах. Гэта была для мяне вельмі важная прафэсійная школа. Я разумеў, што такое чытач. Я разумеў, для каго я пішу. Я ішоў па вуліцы пасьля выхаду майго артыкула альбо калёнкі, мяне спынялі і казалі: „Вы Фядута? Дзякуй за ваш артыкул!“ Гэта былі для мяне залатыя часы».

У 2003 годзе «БДГ» была закрыта рашэньнем Міністэрства інфармацыі «за публікацыю артыкулаў, якія закранаюць дзейнасьць беларускіх уладаў». На час закрыцьця штотыднёвы наклад «БДГ» складаў 65–70 тысяч асобнікаў.

Вядомы цяпер ужо расейскі журналіст Павал Шарамет кажа:

«Вельмі шкада, што намаганьнямі Лукашэнкі і ўлады газэта была зьнішчана. Але я абсалютна перакананы, што калі памяняюцца часы, то знойдуцца сілы ў Пятра Марцава, знойдуцца сілы ў іншых людзей аднавіць гэты, па сутнасьці, сымбалічны брэнд незалежнай Беларусі».
XS
SM
MD
LG