Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дарогі разбураюцца


У Беларусі рэспубліканскія дарогі, якія ня маюць статусу магістральных, знаходзяцца ў стане, блізкім да крытычнага.

Гэта заявіў начальнік упраўленьня ўтрыманьня дарожнай сеткі дэпартамэнту «Белаўтадар» Мінтрансу Аляксандар Галаўнёў 7 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

«Калі яшчэ тры-чатыры гады таму я ганарыўся беларускімі дарогамі, то цяпер гэтага ўжо не магу сказаць. Ну, калі толькі параўноўваць зь нейкімі адсталымі рэгіёнамі Расеі. Польшча ўжо пачынае выходзіць наперад», — цытуе БелаПАН прадстаўніка дарожнага дэпартамэнту.

Спадар Галаўнёў адзначыў, што толькі ямачны рамонт не вырашае праблемы аднаўленьня зношанага дарожнага пакрыцьця. «Калі магістральныя дарогі яшчэ ў больш-менш прыстойным стане, то трасы, якія злучаюць абласныя і раённыя цэнтры, знаходзяцца ў стане, блізкім да крытычнага. Калі на іх 20–30 гадоў не рабіўся рамонт, а толькі ямачны — самі разумееце, што гэтая дарога доўга не пражыве», — сказаў Галаўнёў.

Прычына дарожных праблемаў — хранічнае недафінансаваньне, падкрэсьліў ён.

Паводле дадзеных «Белаўтадара», пры эксплюатацыі значнай часткі рэспубліканскіх дарог цяпер не вытрымліваюцца так званыя міжрамонтныя тэрміны. Гэта азначае, што не забясьпечваецца аднаўленьне штогадовага зносу, што, у сваю чаргу, вядзе да разбурэньня дарожнага пакрыцьця. Поўная патрэба ў рамонтах на рэспубліканскіх дарогах складае 6,6 тыс. км, або 43% ад іх агульнай працягласьці. На гэтыя мэты неабходна накіраваць каля 4 трлн рублёў.

Аднак у цэлым у гэтым годзе на дарожныя працы плянуецца накіраваць каля 3,6 трлн рублёў. Пры гэтым вялікая частка гэтых сродкаў пойдзе на будоўлю і рэканструкцыю трасаў, іх капрамонт і ўтрыманьне. Таму сёлета адрамантуюць толькі 934 км рэспубліканскіх дарог.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG