Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйскай калёніі вязьням не дазваляюць кантактаваць з «Плятформай»


Такое неафіцыйнае распараджэньне выдала адміністрацыя папраўчай установы.

«Плятформе» пра гэта паведамілі былыя асуджаныя, якія нядаўна вызваліліся з ПК-2. Таксама яны перадалі праваабаронцам лісты тых, хто трапіў пад новыя захады кіраўніцтва калёніі.

Найперш гэта тычыцца тых, хто быў непасрэдна знаёмы з дырэктарам інфармацыйна-асьветніцкай установы, колішнім вязьнем калёніі Андрэем Бандарэнкам. Такім асуджаным цяпер дазваляюць тэлефанаваць толькі ў прысутнасьці афіцэра, які праслухоўвае размову цалкам. Усё ліставаньне асуджаных — пад адмысловым кантролем. Тыя ж, хто пісаў праваабаронцам, трапілі пад рэпрэсіўныя дзеяньні з боку супрацоўнікаў ПК-2. Некаторых зьмясьцілі ў СІЗА, іншыя абышліся «мякчэйшым» пакараньнем паводле рапартаў, якія складаюцца цяпер з самых нечаканых нагодаў.

Як паведаміла «Свабодзе» праваабаронца з «Плятформы» Алена Красоўская, былыя зьняволеныя перадалі: адміністрацыя ПК-2 выказвала асуджаным сваю незадаволенасьць, што шматлікія парушэньні іхніх правоў робяцца вядомыя грамадзкасьці.

«У сваю чаргу, нам хацелася б нагадаць адміністрацыі гэтай ды іншых ПК, што пазбаўленьне зьняволеных права на кантакты з праваабаронцамі — таксама парушэньне правоў. „Плятформа“ будзе аддаваць яшчэ больш увагі скаргам асуджаных, а таксама будзе пільней адсочваць падрабязнасьці „перавыхаваўчага“ працэсу ў месцах пазбаўленьня волі», — кажа Алена Красоўская.

Паводле праваабаронцаў «Плятформы», «практыка поўнай ізаляцыі людзей, у якіх адміністрацыя бачыць крыніцу, так бы мовіць, небясьпечнай інфармацыі, прысутнічае сёньня ва ўсіх зонах. Такім чынам кіраўніцтва папраўчых устаноў імкнецца максымальна забясьпечыць свой ня бачны іншым дабрабыт, які можа страціць у любы момант, як толькі некаторыя з „закрытых“ фактаў стануць публічнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG