Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчасьце – слова прыгожае, адарванае ад жыцьця.

Шчасьце – слова прыгожае, адарванае ад жыцьця. Урэшце ёсьць рацыя, што назіраць як плыве вада, расьце трава і бачыць прыгожых жанчын – важныя ўмовы, каб адчуваць сябе досыць шчасным. У маім жыцьці існуе рака Нёман, я назіраю за ёю, і яна трапляе ў мае апавяданьні з пэўнай рэгулярнасьцю. Так, мне заўжды хацелася жыць у горадзе, дзе даволі вялікая рака, якая вабіць, але застаецца таямнічай. Яна дапамагае мне адчуваць плынь часу.

Гляджу чорна-белыя дакумэнтальныя кадры: сорак год таму будавалі новы мост цераз раку, вельмі выносістымі здаюцца нават цяпер быкі, высокі мост. Вада папросту закіпае вакол іх у кінахроніцы. Яго маглі збудаваць, выкарыстаўшы нёманскі востраў, але адступілі крыху. Назіраць за ім, калі замярзае рака, калі ідуць крыгі, калі ўзьнімаецца паводка ці наступае сухое лета – таксама шчасныя хвіліны. Аднак лёс яго робіцца няпэўным, востраў можа зьнікнуць.

Плян Горадні, другая палова ХІХ ст.

Плян Горадні, другая палова ХІХ ст.

ХІХ ст.


На старых плянах бачым: рака, што падзяляе Горадню надвая, упершыню мае дзьве назвы, старую – Кронан, і новую – Нёман. Рака часу ці бясчасу? Невядома. Піўны паб пад назвай «Кронан» прыцягваў, турыстаў таксама. Але начальства яго прыкрыла. З самой ракі яно прагне выціснуць электрычнасьць. На Гарадзенскай ГЭС мантаж турбінаў цяпер. Пытаньне: ці засучаць рукавы на другую станцыю — блізка літоўскай мяжы? Яна ў плянах называецца Нёманскай.


Бязьлюднае месца


Я стаю на пагорку ля старой царквы Каложы і ўзіраюся ў дол. Мой прыяцель любіць успамінаць тут, ля памятнага знаку «Пагоня на Грунвальд», радкі з кнігі Кастуся Тарасава: цераз брод у гэтым месцы перапраўлялася татарская коньніца па дарозе на велькую бітву з Тэўтонскім ордэнам… Мяне ж цікавіць нёманскі востраў, ён справа. Ня Бог вед што: выцягнутая зямля са сьнежнымі сумётамі, сьпятрэлым трысьнягом. У паводку здараецца – толькі трысьнёг відаць.

Я даўно прыглядаюся да нашага вострава з марай узяць бы яго ў арэнду. Гэта выглядае неразважным, раз ён хаваецца пад вадой увесну амаль «з коптурам». Але тым ня менш ідэя гэтая не здавалася мне да апошняга часу зусім фантастычнай.

Ствараць свой сьвет, свой горад, свой востраў – заняткі для празаіка прыемныя і натуральныя. Дом на палях – чаму не? Па-першае, амаль экстэрытарыяльны статус. Калісьці знаёмыя рабілі плывучы пікет супраць яшчэ толькі закліку збудаваць на рацэ ГЭС. Пікет без дазволу, ясна. Міліцыянты паабяцалі: чапаць ня будзем, Нёман падзяляе горад на дзьве адміністрацыйныя часткі, вада – нічыйная. Пратэставаць яшчэ не было небясьпечна, як сёньня. Потым на востраве атабарыліся ў намёце маладзёны, яны таксама супраць ГЭС, сярод хмызоў відзён плякат. Я запісваю іх праз тэлефон: шкада Нёман! Яны начуюць сярод ракі, балазе лета.

Але аднойчы прыяжджае «варанок», рака абмялела, міліцыянты сяк-так па камянях трапляюць на востраў. Усё ж ён бліжэй да ўсходняга берагу, да старой часткі, заходняя — Занёманскі фарштат — была далучаная дакладна 450 год назад, грамату падпісаў Жыгімонт Аўгуст.

Я назаву яго востравам сьвятога Губэрта, напрыклад. Хаця яго нейк называлі ва ўсе часы, яго відно на старых плянах, але назва сьцёрлася з памяці людзей. Абаронча востраў, нават невялікі, лепшы, чымсьці нават пагорак, на якім царква. Прыяцель яшчэ школьнікам знайшоў на востраве бронзавую сякерку. Для мяне гэта як радкі зь ненапісанага летапісу, як падмуркі, якія я адчуваю, хаця іх няма.

Здымак вострава зроблены з Новага моста

Здымак вострава зроблены з Новага моста


Захаваўся, каб зьнікнуць?


На рацэ я бачу час-часам земснарад, паглыбляе дно. Нічога немагчымага: падсыпаць востраў, каб мацней трымацца на ім. Збудаваць чатырохкутную вежу, якая спакуса! Якія мае правы? Ніякіх. Апроч, хіба, таго, што я адзіны пахадзіў па яго паверхні літаратурна, зафіксаваў у апавяданьні, яно называецца «Лекцыя аб каталёнскай літаратуры». Уласна, востраў мне спатрэбіўся як месца размовы, каб параўнаць каталёнцаў і нас, трыманьне за мову, літаратуру. 1939 год: пачатак новых выпрабаваньняў для іх і для заходніх беларусаў.

Можа быць гэтага недастаткова, можа хтось знойдзе ў пісьмовых крыніцах ранейшыя літаратурныя згадкі пра наш востраў, буду толькі рады. А пакуль я будую на паперы сваю вежу, яна насупраць уваходу ў порт, хто ня ведае: ён у затоцы. Усё, што будзе праплываць па рацэ, будзе мінаць маю вежу… Зрэшты, яшчэ больш мне хацелася б, каб востраў проста жыў: маленькі замак, лодкі, турысты. Але ён нікога, на жаль, не цікавіць, нікому не патрэбны.

Мне вядома, што аднойчы, і гэты час няўмольна набліжаецца, рака будзе закілзана. Ваду спыняць, каб гуляцца ёю, змушаць працаваць. Зьняволены Нёман. Лёс майго вострава апынецца пад пагрозаю. Але гэта яшчэ ня будзе канец. Вада ўзьнімецца і паглыне яго, калі пабудуюць другую ГЭС. Аднак гэта не азначае для мяне спыніцца са сваёй вежай на востраве, адмовіцца ад яе ў думках. Будзе толькі вельмі шкада, што, пазначаны на старых плянах, ён зьнікне ў нашыя дні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG