Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьбіраецца да Чавэса


Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка
Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка

Пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь будуць працягвацца і сёлета. Пра гэта сёньня паведаміў вэнэсуэльскі амбасадар Нуньес. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», ён адзначыў, што вялікія закупы Беларусьсю расейскай нафты не паўплываюць на гэты працэс.

Амбасадар Нуньес сёньня хоць і не назваў канкрэтныя лічбы паставак у Беларусь вэнэсуэльскай нафты, але адзначыў, што «яе аб’ёмы значна ня зьменяцца».

Тое, што Беларусь дамовілася з Расеяй сёлета атрымліваць нафту і па таньнейшых коштах і ў большых аб’ёмах, на гэты працэс не паўплывае — упэўнены амбасадар:

«Калі размова ідзе пра вэнэсуэльскую нафту, то гэта лёгкая нафта. У Расеі такой нафты няма. І таму мы тут з Расеяй не спаборнікі. А для Беларусі атрымліваць такую нафту надзвычай выгадна, бо вытворчасьць паліва з такой нафты нашмат хутчэйшая».

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Вэнэсуэльская нафта трапляе ў Беларусь па так званым СВОП-кантракце з удзелам трох краін — Беларусі, Вэнэсуэлы і Азэрбайджану. Сёлета Расея зрабіла значны крок насустрач Беларусі ў нафтавай сфэры — канстатуе эканамічны аглядальнік Тацьцяна Манёнак. Ппраз трубаправоды, а гэта самы танны шлях, Беларусь зьбіраецца атрымаць 21,5 мільёна тон сыравіны супраць 18 мільёнаў летась. Дый так званую «прэмію» для сябе расейцы значна зьменшылі. Таму і ўзьнікае пытаньне: а ці патрэбная ў гэтым годзе яшчэ і вэнэсуэльская нафта?

Калі нафтапрадукты, вырабленыя са СВОП-нафты, прадаваць на замежны рынак, то, магчыма, гэта і будзе рэнтабельна. Але бяз слова «магчыма» ў гэтым кантэксьце не абысьціся, бо тут шмат непразрыстага, адзначае спадарыня Манёнак.

«Але ж, я падкрэсьлю, у любым выпадку нам невядомыя ўмовы гэтага кантракту, умовы аплаты гэтай нафты. Таму складана падлічыць, наколькі гэта выгадна. Аднак беларускія чыноўнікі, якія займаюцца нафтавай справай, кажуць, што нават магчымасьць такой альтэрнатывы дазваляе ім больш упэўнена весьці перамовы з расейскімі нафтавымі кампаніямі. У любым выпадку, дывэрсыфікацыя — гэта добра».

Я таксама спытаў амбасадара Нуньеса пра магчымыя візыты кіраўнікоў Вэнэсуэлы і Беларусі адпаведна ў Менск і Каракас. У адказ дыплямат нагадаў пра абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Вэнэсуэлу падчас адкрыцьця там сумесных прадпрыемстваў па зборцы трактароў і грузавікоў. Канкрэтная дата візыту вызначаецца кіраўнікамі краінаў, падкрэсьліў Нуньес. Але на пачатку свайго выступу амбасадар, які толькі днямі вярнуўся з радзімы, сказаў, што прадпрыемствы могуць запрацаваць ужо цягам бліжэйшых 2–3 тыдняў.

Што тычыцца візыту Уга Чавэса, дык той, са словаў амбасадара, зьбіраўся зрабіць гэта летась. Аднак прыезду перашкодзіла хвароба.

Гэтыя кантакты цягнуцца ўжо некалькі гадоў, адзначае палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Гэта так званы інтэрнацыянал дыктатараў, якія трымаюцца адзін аднаго. І хоць яны далёка адзін ад аднаго тэрытарыяльна, яны спрабуюць супрацоўнічаць у вайсковай і эканамічнай сфэрах. Для іх, асабліва для Лукашэнкі, гэта і элемэнт міжнароднага прызнаньня.

Абмены такімі візытамі будуць, я думаю, працягвацца. Кожны зь іх шукае ў гэтым сваю выгаду. Хаця, як мне падаецца, у бліжэйшыя часы ў Чавэса могуць зьявіцца новыя прыярытэты. Бо ён напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG