Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Рэальна ў эканоміцы ня робіцца нічога"


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Падчас паседжаньня Савету міністраў кіраўнік ураду Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ў 2012 год Беларусь увайшла без «макраэканамічных дысбалянсаў». Пры гэтым прэм’ер-міністар лічыць, што задача гарантаваць нацыянальную бясьпеку краіны вырашаная. Ці падзяляюць аптымізм чыноўніка незалежныя экспэрты?

Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што бюджэтна-фінансавая сыстэма Беларусі працуе бездэфіцытна, прыток валюты ў краіну перавышае яе адток, запаволіўся рост коштаў, стабільны рублёвы і дэпазытны рынкі. А ў нагнятаньні жарсьцяў — маўляў, Беларусь безнадзейна загрузла ў крызісе — чыноўнік абвінаваціў «гора-пісакаў», з чыёй падачы фармуецца няправільнае ўяўленьне пра эканамічную сытуацыю ў Беларусі.

Старшыня ўраду пахваліўся, што цяперашнія запасы золатавалютных рэзэрваў — найбольшыя за ўсю гісторыю Беларусі і што на 2012 год сфармаваны бездэфіцытны бюджэт. Паводле ягоных словаў, пляны разьвіцьця краіны грунтуюцца на прынцыпах жорсткага лімітаваньня эмісіі і інфляцыі, што дазволіць эканоміцы хутка вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Аднак, як лічыць эканаміст Сяргей Балыкін, нягледзячы на падобныя запэўніваньні, аб’ектыўных падставаў да фінансавай стабільнасьці па-ранейшаму няма:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Эмісію яны, падаецца, крыху сапраўды прыціснулі. Але ж тут сытуацыя відавочная: нават калі зьнешне і будзе назірацца тэндэнцыя да нібыта ўмацаваньня беларускага рубля, то дзякуючы зусім не аб’ектыўным працэсам аздараўленьня нацыянальнай эканомікі, а праблемам у іншых краінах. Таму што цяжкасьці ёсьць і ў Эўропе, і ў Злучаных Штатаў свае складанасьці. Так што ўмацаваньня як такога ня будзе. Але ня выключана, што за кошт гэтага сапраўды будзе кароткатэрміновае, менш істотнае падзеньне рубля. Бо, апроч нейкіх папулісцкіх заяваў, рэальна ў эканоміцы ня робіцца нічога».

Тым часам Мясьніковіч заявіў, што ўраду неабходна сканцэнтравацца на такім важным кірунку, як рост прыбыткаў насельніцтва. І ўдакладніў, што гэта асноўны прыярытэт на 2012 год. Ён нагадаў, што напярэдадні Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Нацбанку Надзею Ермакову, выказаў перакананасьць: да канца году рэальна ня толькі вярнуць сярэдні заробак у памеры 500 даляраў, але і перавысіць гэты паказьнік.

Эканаміст Аляксандар Сасноў у гэтым зьвязку нагадвае: міжнародныя структуры (прычым ня толькі зь ліку патэнцыйных заходніх крэдытораў, але і падпарадкаваныя расейскаму ўраду) засьцерагаюць Менск ад неабгрунтаванага завышэньня даходаў, матывуючы гэта пагрозай новага вітка інфляцыі ды чарговага абясцэньваньня нацыянальнай валюты:

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

«Настойваючы на пераходзе да рынкавых умоваў, зьнешнія гульцы хочуць толькі аднаго — каб тут быў звычайны рынак, нічога больш. Каб эканомікай кіравалі рынкавыя працэсы, як і ўва ўсіх цывілізаваных краінах. Да гэтага трэба прынамсі імкнуцца. А такая разьмеркавальная эканоміка, як у нас — спачатку ўсё забраць, а потым нешта даваць, але каб людзі адчувалі, што ты бог — яна ўва ўсіх сэнсах няправільная. Але сыходзіць з абранага шляху ўлады ня вельмі хочуць, бо тады кіраваць працэсамі будуць не яны, а рынак».

Супярэчлівыя зьвесткі агучыў Міхаіл Мясьніковіч і адносна прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці — гэта яшчэ адно патрабаваньне, якое ставяць замежныя донары, каб выдзеліць Беларусі крэдыты. З аднаго боку, чыноўнік заявіў, што ніякага распродажу стратэгічнай маёмасьці няма і ня будзе, што Беларусь будзе прадаваць акцыі прадпрыемстваў толькі на выгодных умовах. Зь іншага боку, як лічыць эканаміст Васіль Шлындзікаў, апроч некалькіх стратэгічных аб’ектаў, нічога інвэстараў у Беларусі асабліва і не цікавіць:

«З аднаго боку, тут мае месца звычайны чынавенскі папулізм, зь іншага — нейкая спроба набіць цану мэталалому, які аб’ектыўна нікому не патрэбны. Асабліва
З аднаго боку, тут звычайны чынавенскі папулізм, зь іншага — нейкая спроба набіць цану мэталалому, які аб’ектыўна нікому не патрэбны ...

ва ўмовах існуючай жорсткай камандна-адміністратыўнай сыстэмы, якая створаная для абслугоўваньня кіроўнага клясу. Таму не падзяляю думкі, што тут нешта можна прадаць з выгадай для народу — за асобных прадстаўнікоў дзяржавы не гавару, гэта ўжо размова іншая. Ня ведаю, калі толькі раптам сапраўды зразумеюць, пачнуць зьмяняць эканамічную палітыку... Але пакуль, прынамсі, я такіх намераў ня бачу».

Тым часам Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што на гэтым тыдні Аляксандру Лукашэнку будзе перададзены сьпіс прадпрыемстваў, якія беларускі ўрад мае выставіць на продаж ці пад стварэньне акцыянэрных таварыстваў. Сёлета ўрад мяркуе прадаць маёмасьці на 2,5 мільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG