Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адкрыла сайт маніторынгу выбараў


Старшыня ЦВК Расеі Ўладзімер Чураў вядзе майстар-клясу ў справе фота-відэаздымкі на адным з выбарчых участкаў.

Старшыня ЦВК Расеі Ўладзімер Чураў вядзе майстар-клясу ў справе фота-відэаздымкі на адным з выбарчых участкаў.

У Расеі правядуць афіцыйны вэб-маніторынг прэзыдэнцкіх выбараў 4 сакавіка, запісваючы відэаматэрыял з амаль усіх выбарчых участкаў агульнай працягласьцю каля 500 гадоў.

Пра абсталяваньне вэб-камэраў на выбарчых участках падчас прэзыдэнцкіх выбараў упершыню загаварыў прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін у сьнежні, калі ў Расеі узьняўся моцны рух пратэсту супраць меркаваных фальсыфікацый на парлямэнцкіх выбарах 2011 году.

На мінулым тыдні быў адкрыты адмысловы партал, які дазволіць карыстальнікам інтэрнэту атрымаць доступ да відэа на любым з амаль 92 тысяч выбарчых участкаў Расеі. Адна камэра будзе здымаць агульны плян участка, а другая будзе сачыць за урнамі для галасаваньня.

Навум Мардэр, адзін з намесьнікаў міністра сувязі Расеі, які адказвае за гэты выбарчы вэб-праект, сказаў газэце The Wall Street Journal, што вэб-трансьляцыю ня ўдасца забясьпечыць усяго на 1%-5% участкаў. Увесь праект абыдзецца «Ростелекому» ў 25 мільярдаў рублёў (830 мільёнаў даляраў).

Відэатрансьляцыя з участковых выбарчых камісій пачнецца на партале аўтаматычна 4 сакавіка 2012 году ў 00.00 маскоўскага часу. А 20.00 мясцовага часу відэазапіс таго, што адбываецца на ўчастку будзе працягвацца, але інтэрнэт-трансьляцыя прыпыніцца ў мэтах захаваньня таямніцы галасаваньня (таму што ў Калінінградзкай вобласьці выбары яшчэ будуць працягвацца). У 21.00 маскоўскага часу інтэрнэт-трансьляцыя адновіцца. Пры гэтым карыстальнікі ўбачаць запіс з 20.00 гадзіны паводле мясцовага часу ў адпаведным рэгіёне.

Запіс будзе весьціся бесьперапынна з моманту адкрыцьця ўчастка да завяршэньня падліку галасоў і падпісаньня пратаколаў.

Запісы выбараў будуць захоўвацца на працягу году.

Яшчэ адзін намесьнік міністра сувязі Расеі, Ілья Масух, заявіў The Wall Street Journal, што пасьля выбараў камэры будуць выкарыстаныя для назіраньня за экзамэнамі ў школах, буйнымі праектамі будаўніцтва і ў тэлемэдыцыне. Акрамя гэтага, урад абвясьціў конкурс на самае мэтазгоднае выкарыстаньне камэраў відэазапісу пасьля выбараў. Прызам пераможцу стане ноўтбук з камэрай.
XS
SM
MD
LG