Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскае выданьне Aftenposten надрукавала артыкул супраць пагадненьняў паміж Эўрапейскай асацыяцыяй вольнага гандлю з Мытным саюзам Расеі, Беларусі і Казахстану. Гэтыя перамовы ад імя арганізацыі вядзе Осла.

Газэта таксама зьмясьціла фота, на якім нарвэскі міністар прамысловасьці і гандлю Тронд Гіске (другі зьлева) п’е шампанскае зь беларускім міністрам гандлю Мікалаем Снапковым (крайні справа), міністрам эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвірай Набіулінай ды швайцарскім міністрам эканомікі Ёханам Шнайдэрам-Аманам. Здымак зроблены на пачатку 2012 году ў Жэнэве, дзе праходзілі перамовы пра заключэньне пагадненьняў аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі Мытнага зьвязу ды EFTA. Мяркуецца, што наступны раўнд перамоваў пройдзе ў лістападзе ў Менску.



Як адзначае Aftenposten, Нарвэгія ня можа весьці аніякіх перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, бо ў Беларусі вынікі выбараў фальсыфікуюцца, за палітычныя перакананьні і выступы кідаюць у турмы і катуюць.

Выданьне цытуе словы жонкі кандыдата на прэзыдэнта і палітвязьня Андрэя Саньнікава, Ірыны Халіп, якая, убачыўшы свайго мужа ўпершыню за некалькі месяцаў у віцебскай вязьніцы, сказала: «Ён выглядае як пасьля 10 гадоў сталінскіх канцлягераў».

Aftenposten узгадвае таксама і пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня іншага палітвязьня і кандыдата на прэзыдэнта — Мікалая Статкевіча.

«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася зь мінулага году, і мы гатовыя пашырыць санкцыі», паведаміў выданьню дыплямат у ЭЗ. Мяркуецца, што 27 лютага міністры замежных спраў Зьвязу пастановяць яшчэ больш узмацніць санкцыі ў дачыненьні да рэжыму.

Тым часам эўрапейскі дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Ян Эгелан у размове з журналістамі быў вельмі зьдзіўлены, што яго краіна ад імя EFTA вядзе перамовы з Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам, бо «ўва ўсіх гэтых трох краінах зафіксаваныя масавыя парушэньні правоў чалавека. Напрыклад, у Расеі сыстэматычна душыцца апазыцыя, няма свабоды слова і свабоды асацыяцый, а Беларусь дык увогуле называюць апошняй дыктатурай Эўропы».

«Гэта вельмі праблематычная сытуацыя, — падкрэсьліў Ян Эгелан, — бо гандлёвыя пагадненьні — сыгнал таго, што вы хочаце ўсталяваць шчыльнейшую сувязь з краінай».

Эгелан перакананы, што Осла разам з Брусэлем павінны праводзіць палітыку максымальнага ціску на аўтарытарныя рэжымы.

У сваю чаргу, нарвэскія ўлады сьцьвярджаюць, што яны спрабуюць унесьці ў пагадненьні аб вольным гандлі «выразныя заявы аб правах чалавека». Але журналісты Aftenposten уважліва вывучылі пратаколы паседжаньняў перамоўнай камісіі і ў ніводным зь іх не знайшлі выразу «правы чалавека».

Як лічыць дырэктар Нарвэскага інстытуту міжнародных адносін (NUPI) Ульф Свэрдруп, «выглядае, што Осла заключыць пагадненьні аб свабодным гандлі ў той час, як ЭЗ рыхтуецца пашырыць санкцыі».

«Пытаньне ж у тым, ці можа EFTA ўвогуле працягваць гэтыя перамовы», — адзначае нарвэскі экспэрт.

Сытуацыю ўскладняе той момант, што першапачаткова EFTA падпісала важныя, асабліва для Нарвэгіі, пагадненьні з Расеяй. Потым, калі быў створаны Мытны саюз, Масква выставіла патрабаваньне, каб у далейшыя перамовы былі ўключаны Менск і Астана, з чым Осла на той момант пагадзілася.

Спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў гандлёвых структурах, Aftenposten піша: «Калі ўсё пройдзе гладка, зьдзелка будзе заключаная ў наступным годзе».

Цікавы момант: Нарвэгія вядзе перамовы ня толькі з усім Мытным саюзам адразу, але і з кожнай краінай паасобку. Гэтага патрабуюць умовы пагадненьняў.

Паводле Ульфа Свэрдрупа, «EFTA спадзяецца такім чынам атрымаць канкурэнтныя перавагі ў Эўразьвязе, бо некаторыя з гэтых пагадненьняў прадугледжваюць ніжэйшыя сацыяльныя стандарты, чым у ЭЗ».

Эўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю была заснаваная ў 1960 годзе, каб стварыць свабодную гандлёвую зону. Пазьней краіны, якія ўвайшлі ў ЭЗ, пакінулі асацыяцыю. У выніку ў складзе EFTA засталіся толькі чатыры краіны, якія не ўвайшлі ў Зьвяз: Нарвэгія, Швайцарыя, Ісьляндыя ды Ліхтэнштайн.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG