Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэгіянальныя актывісты камэнтуюць ідэю байкоту выбараў.

Увосень у Беларусі маюць адбыцца чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Многія дэмакратычныя партыі, рухі і аб’яднаньні заявілі пра тое, што будуць байкатаваць выбарчую кампанію. Ідэю байкотуу падтрымалі, у прыватнасьці, Рада беларускай інтэлігенцыі, аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларускі рух», незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), грамадзянская кампанія "Эўрапейская Беларусь"ды некаторыя іншыя.

Якая пазыцыя ў грамадзкіх актывістаў і дэмакратычных лідэраў у рэгіёнах?

Меншчына


Старшыня Менскай абласной арганізацыі Аб’яднаная грамадзянская партыя Ўладзімер Малярчук зь Вялейкі: «Выбары трэба байкатаваць, але актыўна. Перадусім гэта дазволіць нам скарыстаць магчымасьць вылучацца кандыдатам у дэпутаты, мець сваю каманду ня менш як з 10-ці чалавек. І тым самым мы маглі б сустрэцца з кожным выбарцам, каб сказаць яму: «Не ідзі на выбары! Выбараў у Беларусі няма!»

Кіраўнік Менскага абкаму партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Абразоўскі: «Я хачу сказаць, што ўсе, хто працуе ў выбарчых камісіях на кіраўнічых пасадах (хто арганізуе выбары) — яны ў маім разуменьні злачынцы. Яны павінны адказваць за зробленае імі. Але як яны могуць адказваць, калі факты не зафіксаваныя? Таму мы мусім удзельнічаць у выбарах. Як удзельнічаць — гэта іншая размова. Мусім удзельнічаць для таго, каб гэтую ўладу трымаць у напрузе. А каб іх трымаць у напрузе, яны не павінны ведаць пра нашы магчымыя дзеяньні».
Мы проста хочам мець магчымасьць выступіць па тэлебачаньні, радыё, у СМІ.

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін: «Я быў за байкот парлямэнцкіх выбараў яшчэ ў 2008-м годзе. Таму і цяпер я актыўна выступаў у партыі, каб учыніць байкот і маючых адбыцца выбараў. Але я думаю, што адначасова мы можам скарыстаць тое вакно магчымасьцяў, што дае ўлада для кантактаў з народам. Мы проста хочам мець магчымасьць выступіць па тэлебачаньні, радыё, у СМІ. Прычым выступаць мы будзем не са сваёй пазытыўнай праграмай, а з тым, што будзем заклікаць людзей таксама байкатаваць гэтыя выбары».

Гарадзеншчына

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін упэўнены, што выбарчую кампанію трэба правесьці актыўна, зарэгістраваўшы кандыдатаў з тым, каб легальна давесьці да выбарцаў ідэю байкоту і зьняцца на самыя выбары, бо ўлады не мяняюць выбарчае заканадаўства і вынікі выбараў будуць чарговым разам сфальсыфікаваныя.

На думку Істоміна, цяпер у грамадзтве стаўленьне да выбараў такое, што ад іх нічога не залежыць, і такая стратэгія будзе мець сэнс:

«Але калі зрабіць нармальнае назіраньне за падлікам галасоў, хоць бы на частцы ўчасткаў у вялікіх гарадах, і потым гэта агучыць, то вынікі выбараў стануць зразумелыя і для ўсяго грамадзтва, і для сродкаў масавай інфармацыі».

Прыкладна такой сама пазыцыі прытрымліваюцца сябры партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду». А вось актывіст з Ваўкавыску Мікола Кавальчук лічыць, што апазыцыя наагул не павінна ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах ніякім чынам:
Калі вы загадзя ведаеце, што вас там падмануць, то навошта туды ісьці?

«Калі вы загадзя ведаеце, што вас там падмануць, то навошта туды ісьці? Такія патугі адвярнулі ад нас усіх людзей. Я памятаю, колькі людзей падтрымлівалі апазыцыю ў Ваўкавыску, Горадні, іншых гарадах. А цяпер — дзе яны? Вы што, лічыце, што народ не разьбярэцца, ня будзе бачыць, што адбываецца? А так вы ідзяце — і вы прайгралі. А народ лічыць, што выйгралі іншыя…»

Партыйцы «Справядлівага сьвету» ставяцца да байкоту выбараў інакш. Кіраўнік абласнога аддзяленьня партыі Анатоль Іванчык кажа, што яшчэ канчатковага рашэньня не прынята, але сябры партыі маюць пэўныя перакананьні:

«Мы схіляемся да таго, каб браць удзел у выбарах, нягледзячы на тое, якімі яны будуць, бо трэба выпрацоўваць рэйтынг партыі, прапагандаваць нашыя ідэі — у такім сэнсе. А інакш нас проста забудуць, і ўсё».

Магілёўшчына

Старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Беразіенка выказваецца за байкот выбараў, аднак з агаворкаю: «Яго павінны падтрымаць усе апазыцыйныя арганізацыі». Ці так будзе, ён сумняваецца:

«Усё роўна знойдзецца адна-дзьве арганізацыі, якія ня будуць падтрымліваць гэты байкот. Але, з другога боку, так мы можам выкарыстоўваць дзяржаўныя грошы, якія выдзяляюцца кандыдатам, каб яны выступілі, каб адкрылі вочы людзям. А мы такую магчымасьць губляем».

Адназначна падтрымлівае байкот выбараў старшыня Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў:

«Узяць удзел у выбарах — гэта страціць рэшткі павагі да сябе й прызнаць сябе бязвольным рабом, зь якім можна рабіць што хочаш. Як можна ісьці на гэтыя выбары, калі людзі сядзяць у турмах? Ужо народ даўно зразумеў, што гэтыя выбары сабой уяўляюць, а апазыцыя думае, удзельнічаць ці не. Мы за актыўны байкот».

Былы актывіст партыі БНФ з райцэнтру Дрыбін, эканаміст Андрэй Юркоў лічыць, што выбараў у Беларусі няма. Ён сьцьвярджае, што людзі скептычна ставяцца да любых выбарчых кампаніяў. Сам Андрэй Юркоў паклаў партыйны білет на знак пратэсту супраць, як ён кажа, выгнаньня з партыі Алеся Міхалевіча.

«Пасьля 2010 году кожнаму стала зразумела, што ў Беларусі палітыкі, залежнай ад народу, проста не існуе. Страх, які пануе ў грамадзтве, татальны кантроль на месцах, — гэта дужа адчуваецца. Калі нешта жывое ў выніку нейкіх „генэтычных памылак“ нараджаецца новае, то яму адразу адбіваюць галаву, і ўсё. Людзі не вытрымліваюць гэтага прэсінгу. І грамадзтва гэта разумее».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG