Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халезін выкрывае прыхільнікаў скасаваньня санкцыяў


Мікалай Халезін

Мікалай Халезін

Сябра арганізацыі "Free Belarus Now", кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін назваў у сваім сваім блогу імёны тых, хто, акрамя кіраўніцы офісу «За дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай, выступае за скарачэньне сьпісу "неўязных" беларускіх чыноўнікаў. Тэму эфектыўнасьці візавых санкцый і магчымасьці іхнага скарачэньня актыўна абмяркоўваюць у дэмакратычнай супольнасьці.

«Ініцыятарамі ліста сталі „маладыя прагматыкі“, аб’яднаныя вакол BISS — Юры Чавусаў, Дзяніс Мельянцоў, Аляксей Пікулік, да якіх далучыўся „старэйшы таварыш“ — Пётар Марцаў», — сьцьвярджае Халезін, пішучы пра зварот у структуры Эўразьвязу.

Ён таксама пералічвае тых, хто адмовіўся далучыцца да гэтай ініцыятывы:

эканаміст Леанід Заіка
эканаміст Леанід Злотнікаў
аналітык Аляксандр Класкоўскі
аналітык Павал Усаў
сацыёляг Андрэй Вардамацкі
сацыёляг Алег Манаеў.

Сутнасьць прапановы «Офісу за дэмакратычную Беларусь», які базуецца ў Брусэлі, — скарэктаваць сьпіс 210 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, на якіх накладзеныя візавыя і фінансавыя санкцыі Эўразьвязу, і скараціць яго прыкладна на 25 чалавек, пераважна за кошт рэктараў ВНУ і асобаў, якія пайшлі ў адстаўку. А таксама дадаць у сьпіс службоўцаў, датычных да справы Бяляцкага.

Халезін: «Я ня ведаю, называць гэта „змова“ ці не, я літаратурна назваў „змова асуджаных“. Але, выходзіць, змова па факце. Выходзіць, ёсьць такія людзі, якія, не падымаючы грамадзкай дыскусіі ўнутры Беларусі, выдаюць у Эўропу сваю думку як нейкую кааліцыйную. Потым выяўляецца, што ніводзін праваабаронца ня ўдзельнічаў у абмеркаваньні гэтага. Кулюарна рухалася, і калі б гэтая інфармацыя не была абнародаваная, то так бы і рухалася, як гэта было шмат гадоў. „Офіс за дэмакратычную Беларусь“ працуе шмат гадоў і шмат гадоў займаецца падобнай працай, ад якой больш за ўсё бонусаў атрымаў пасол у ЭЗ».

Спадар Халезін адзначыў, што не разумее, у адказ на якія дзеяньні Лукашэнкі ідуць прапановы аб паслабленьні санкцый. Пакуль ніхто не зьбіраецца вызваляць палітвязьняў, нягледзячы на тое, што Андрэй Саньнікаў справакаваў гэта, а далей Зьміцер Бандарэнка. Паводле Халезіна, «высьвятляецца, што ніхто і не зьбіраецца нікога выпускаць». Таму ён выступае за ўвядзеньне самых жорсткіх санкцый, у тым ліку эканамічных. А пра тое, што санкцыі дзейнічаюць, сьведчыць тое, што ўлады «гатовыя праплочваць і запускаць сваіх лабістаў».

«Мы будзем пашыраць і максымальна старацца рабіць больш жорсткімі санкцыі і пазбаўляць мільярдаў сям’ю Лукашэнкі, каб ён разумеў, які кошт гэтых палітвязьняў. Мы гэта — „Free Belarus Now“ і пэрсанальна Мікалай Халезін, Натальля Каляда, Ірына Багданава, Ірына Красоўская і ўсе замежныя партнэры. Бо я ведаю, што ніхто з Гітлерам не дамаўляўся аб паблажках. Гітлер мог зразумець толькі мову сілы. Больш ніякіх варыянтаў няма. І Лукашэнка рэагаваў толькі на сілу. Ён абсалютна не разумее дыялёгу».

Поўны тэкст праекту звароту па санкцыях


Пікулік: Заклікі да ЭЗ увесьці жорсткія эканамічныя санкцыі — гэта альбо наіўнасьць, альбо крывадушнасьць

Аляксей Пікулік у камэнтары на naviny.by: «BISS ня толькі ня мае дачыненьня да ініцыятывы офісу «За дэмакратычную Беларусь» па пераглядзе «чорнага сьпісу ЭЗ» і да нібыта прапанаваных 25 прозьвішчаў, але і ня меў інфармацыі пра гэтую ініцыятыву да моманту заявы Рымашэўскага. Супрацоўнікі BISS сапраўды ўдзельнічалі ў абмеркаваньні адкрытага ліста, у якім ставілася пад сумнеў эфэктыўнасьць пашырэньня візавых санкцый. Аднак гэты ліст а) застаўся выключна на ўзроўні абмеркаваньняў і б) не закранаў пытаньня імёнаў, якія трэба выключыць з «чорных» сьпісаў...

​У рамках «апазыцыйнага гета» цяпер існуюць толькі дзьве ролі: «палымяны рэвалюцыянэр» або «найміт крывавага рэжыму». Пры гэтым улада і апазыцыя люстрана падобныя ў непрыманьні альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня: для ўлады ўсе, нават самыя памяркоўныя, альтэрнатыўныя праекты здаюцца сёньня аднолькава небясьпечнымі і ўспрымаюцца як падрыўная дзейнасьць. Апазыцыйнай жа супольнасьцю любыя новыя і нестандартныя ініцыятывы адразу запісваюцца ў праекты КДБ. Рэдкія спробы цывілізаванага дыялёгу ўнутры апазыцыі з агучваньнем аргумэнтаў бакоў і аргумэнтаванай жа іх крытыкай традыцыйна сканчаюцца ўзаемнымі абразамі і абвінавачваньнямі ў супрацоўніцтве ўсіх іх удзельнікаў са спэцслужбамі, а зь нядаўняга часу нават нейкім вартым жалю падабенствам бойкі. Ідэалягічны таталітарызм часткі апазыцыі зьяўляецца пародыяй на ідэалягічны таталітарызм улады. Абодва бакі, паўтараючы рэцэпты Гебэльса, «дамагаюцца ня праўды, а эфэкту». (...) Пры гэтым зьвядзеньне асабістых рахункаў, зайздрасьць і параноя б’юць цераз край.

Годзе падманваць сябе і іншых! Пазыцыя тых, хто задумаў інфармацыйную вайну, а менавіта заклікі да ЭЗ увесьці жорсткія эканамічныя санкцыі, — гэта альбо наіўнасьць, альбо крывадушнасьць, замяшаная на авантурызьме. Наіўнасьць таму, што падобныя санкцыі ня могуць быць уведзеныя ў прынцыпе ў адпаведнасьці з эўрапейскімі нормамі і правіламі. Крывадушнасьць — таму, што, разумеючы гэта, многія працягваюць настойваць на ўтапічным праекце, перасьледуючы толькі ўласныя мэты. Ну вось дапусьцім зусім неверагоднае: ЭЗ увёў эмбарга, а беларускія кампаніі так і не здагадаліся, як санкцыі можна абысьці. У чым плян? Уяўны эканамічны крызіс вызваліць палітвязьняў? Забярэ ўладу з рук Лукашэнкі і перадасьць яе ў рукі дэмакратычнай апазыцыі? Створыць грамадзянскую супольнасьць?.. Можна доўга глядзець у зорнае неба і камланьнямі заклікаць дэмакратычны дэсант з зоркі Бэтэльгейзэ дапамагчы станаўленьню беларускай дэмакратыі. Але ніхто не прыляціць. І ніхто не дапаможа".


Эканаміст Леанід Злотнікаў заявіў «Свабодзе»: «Я першы раз чую, што да мяне нехта зьвяртаўся з такой прапановай. Да мяне ніхто не зьвяртаўся».

Пётар Марцаў: Ізаляцыя не пакідае Беларусі іншага шанцу, як увальвацца ў Расею

Пётар Марцаў

Пётар Марцаў

Рэдактар bdg.by Пётар Марцаў: «Інфармацыя Халезіна не зусім дакладная. Праўда ў тым, што такая ідэя была, тэкст заявы рыхтаваўся, але яго ўрэшцэ не падпісалі.

Я адзначу таксама, што не ўдзельнічаў у складаньні нейкіх сьпісаў. І такога ў праекце ліста не было.

І яшчэ адзначу, што гэта была ініцыятыва канкрэтных экспэртаў, а не BISS’у.

Мая пэрсанальная пазыцыя ў тым, што пад санкцыі павінныя падпадаць тыя, хто адказны за 19 сьнежня 2010-га. А калі пашыраць санкцыі на ўсіх, што працуе на дзяржаўных пасадах, то можна дайсьці да абсурду. Тады ў сьпісы могуць патрапіць і дырэктары школаў, і дырэктары заводаў.

Відавочна, што санкцыя неэфэктыўныя.

Далейшая ізаляцыя Беларусі з боку Эўразьвязу стратэгічна памылковая. Такая ізаляцыя не пакідае Беларусі іншага шанцу, як увальвацца ў Расею».


Класкоўскі: Я ня бачыў такога ліста

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аналітык Аляксандар Класкоўскі: "Я ня бачыў такога ліста. У блогу не зусім дакладная трактоўка таго, што адбывалася. Я ў пастаянны кантакце з аналітыкамі і палітолягамі... Я ведаў, што існуе ініцыятыва непашырэньня візавых санкцыяў. Цікавіліся і маім меркаваньнем на гэты конт. Але пра тое, што існуе нейкі канкрэтны ліст, такога не гучала. І ніхто мне такі ліст з канкрэтным тэкстам не паказваў. Падаецца, тут на мэце супрацьпаставіць некаторых людзей адно аднаму.

Чавусаў: Я выступаю супраць візавых абмежаваньняў

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Сябра сойму Партыі БНФ, палітоляг Юры Чавусаў даслаў у рэдакцыю «Свабоды» праект ліста, пра які згадвае Халезін. Аднак Чавусаў цьвердзіць, што гэты ліст ня быў падпісаны, нікуды ня быў пададзены, а толькі абмяркоўваўся экспэртнай супольнасьцю.

«Гэта праект звароту, які Халезін называе „змовай“. Напэўна, змова — тое, што ён не пайшоў у прэсу, бо рыхтаваўся як адкрыты зварот экспэртаў да эўрапейскай грамадзкасьці і да беларускай. З мэтай акрэсьліць гэтую пазыцыю. Але ён не пайшоў, бо не знайшлі згоды. Гэта праект ліста, фактычна ніякага ліста няма. Я хацеў, каб гэтая дыскусія ішла не ў кірунку, хто там якую змову пляце, а ў кірунку высьвятленьня пазыцый».

Паводле Чавусава, пазыцыя экспэртаў, якія сумняваюцца ў бязьмежным выкарыстаньні візавых санкцый, была агучаная ў шэрагу артыкулаў. Ён адзначае, што санкцыі не паляпшаюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. І палепшыцца яна ня ў выніку гэтых санкцый, а ў выніку дыялёгу.

«Візавыя абмежаваньні маюць значэньне толькі ў кантэксьце гандлю нейкімі саступкамі з рэжымам. Можна разглядаць магчымасьць зьняцьця гэтых візавых абмежаваньняў у абмен на вызваленьне палітвязьняў. Але пра нейкія сыстэмныя зьмены, якіх можна дасягнуць візавымі абмежаваньнямі, казаць цяжка. Наўрад ці гэта паўплывае на сыстэмныя зьмены да лепшага ў краіне. Вызваленьне палітвязьняў — так, а дэмакратызацыя — наўрад ці. Візавыя санкцыі — гэта насамрэч ілюзія дзейнасьці, маральны чын Эўразьвязу як рэакцыя на парушэньне правоў чалавека ў Беларусі».

«Я не пісаў ніякіх лістоў з прапановай выкрасьліць са сьпісу канкрэтных асобаў. Я проста выступаю супраць выкарыстаньня такіх санкцыяў. І тое, што я выступаю супраць, — гэта не сакрэт. Дастаткова паглядзець мае публікацыі.

Тут нават справа не ў тым, што ў сьпісе ёсьць памерлыя ці людзі, віна якіх не даказаная, а ў тым, што візавыя абмежаваньні — гэта фактычна адзіны сродак узьдзеяньня. І ён дастаткова часта ўжываецца неабдумана.

Справа рухаецца да таго, што чыноўнікі будуць уносіцца ў сьпіс паводле пасады. І гэтыя санкцыі стануць не сродкам пакараньня, а сродкам узьдзеяньня на рэжым ад безвыходнасьці».

Стужынская: Выйсьцем былі б спробы дыялёгу

Вольга Стужынская

Вольга Стужынская

Камэнтуючы заяву Мікалая Халезіна, Вольга Стужынская адзначыла, што ніякага ліста ў «Офіс за дэмакратычную Беларусь» не паступала. Яна правяла закрытыя кансультацыі зь некаторымі міжнароднымі экспэртамі і прадстаўнікамі Беларусі. Было дамоўлена не агучваць гэтыя імёны. Цяпер краіны Эўразьвязу больш настроеныя на пашырэньне сьпісу неўязных, бо не было альтэрнатыўных прапановаў.

«Больш-менш погляд зводзіцца да таго, што Эўразьвяз павінен выбраць: альбо ўводзіць сапраўды санкцыі, маецца на ўвазе — эканамічныя санкцыі, альбо шукаць, як размаўляць з краінай, вяртацца да дыялёгу. І паколькі краіны ЭЗ даволі адкрыта сёньня кажуць пра тое, што кансэнсус 27 краінаў ня будзе на жорсткія эканамічныя санкцыі, то мы маем тое, што маем. Больш-менш выйсьцем з гэтай сытуацыі, з гэтага кола пагаршэньня стасункаў былі б нейкія спробы дыялёгу. Ясна, што пазыцыя ЭЗ пра тое, што дыялёг высокага ўзроўню магчымы толькі пасьля таго, як выйдуць на волю палітвязьні і яны будуць рэабілітаваныя, застанецца. І гэта беларускі бок павінен вельмі добра разумець, што гэта нікуды ня дзенецца. Гэта першапачатковая і самая вялікая ўмова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG