Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада беларускай інтэлігенцыі выступіла з ініцыятывай байкоту выбараў у Нацыянальны сход, якія чакаюцца сёлета ўвосень. Адзін з падпісантаў звароту —навуковец Аляксандар Вайтовіч — госьць праграмы «Вынікі дня».

Знаткевіч: Чаму Рада інтэлігенцыі ўвогуле дае палітычныя парады, прапануе канкрэтны сцэнар?

Вайтовіч: Можна па-рознаму глядзець на тое, што лічыць сваім абавязкам Рада інтэлігенцыі. Магчыма, яна крыху палітызаваная, але ж у нас такое палітычнае жыцьцё, што паміж уладай і апазыцыйнымі партыямі няма нармальнага ўзаемадзеяньня, як гэта бывае ў іншых краінах. Таму і Рада бярэ на сябе такія паўнамоцтвы і абавязкі.

Знаткевіч: На які сцэнар вы разьлічваеце?

Вайтовіч: Я пра канкрэтны сцэнар ня думаў, але сапраўды іншага выхаду, чым байкот, няма. Шматгадовыя размовы пра тое, што ў нас Выбарчы кодэкс не адпавядае відавочным дэмакратычным патрабаваньням, нічога не даюць.

Знаткевіч: Як зьмяніліся справы ў Акадэміі навук пасьля сыходу Мясьніковіча?

Вайтовіч: Той стыль праўленьня, які ўсталяваў у Акадэміі Мясьніковіч — дзеля чаго ён быў туды і пасаджаны — зрабіць у Акадэміі поўную вэртыкаль, аналягічна таму, як гэта было зроблена па ўсёй краіне. Да яго ў Акадэміі яшчэ былі элемэнты самакіраваньня. А цяпер усе гэтыя элемэнты вынішчаныя. Прэзыдыюм не выбіраецца агульным сходам Акадэміі, як раней. Цяпер ён поўнасьцю прызначаецца. Паколькі прэзыдыюм прызначаецца з падачы старшыні прэзыдыюму, дык фактычна ўсе справы ў Акадэміі вырашае не прэзыдыюм, а старшыня.

Акрамя таго ён прынёс яшчэ вельмі шмат нэгатыўнага ў жыцьцё Акадэміі. Увёў драбнатэм’е, калі па 8 мільёнаў на тэму і нават аднаго супрацоўніка нельга было ўтрымліваць. Цяпер, з сыходам Мясьніковіча, гэты канкрэтны пункт ужо памяняўся да лепшага.

Ён таксама ўвёў нешта незразумелае і ў сыстэму атрыманьня зарплаты, якая поўнасьцю адрозьніваецца ад усяго, што існуе ў сьвеце. У аснове гэтай сыстэмы ляжыць не кваліфікацыя і ня вынікі работнікаў, а — каму больш грошай дадуць, той больш і атрымае.

Ясна, што пры Мясьніковічу гэта члены прэзыдыюму і блізкія да яго людзі атрымлівалі на свае тэмы больш грошай — большую зарплату супрацоўнікам давалі.

Акрамя таго ён увёў асаблівую сыстэму інавацыйных распрацовак, якой таксама нідзе ў сьвеце няма. Яна, на мой погляд, няправільная і толькі абкрадае дзяржаву. Рэч у тым, что цяпер інстытуты мусяць самі рабіць навукова-тэхнічныя распрацоўкі, і арганізоўваць выпуск прадукцыі. У сьвеце, калі распрацаваная нейкая сыстэма, машына, прылада, дык выдзяляецца эканамічны суб’ект, які ў рынкавых умовах правярае, ці гэтая распрацоўка будзе рэнтабэльная. А калі гэта застаецца ў інстытуце, то ніколі ня вызначыш, якая за гэтым стаіць эканамічная карысьць, і ўвесь час уся гэтая справа будзе заставацца на дзяржаўнай датацыі. Так яно цяпер і ёсьць у Акадэміі.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG