Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка сапраўдных ленінцаў


Калі ўяжджаць у Гомельскую вобласьць па Слуцкай шашы, дык указальнік на Ленін наўрад ці выкліча ў падарожніка жаданьне збочыць зь вялікай трасы. Сама назва асацыюецца зь нечым савецкім і калгасным. Але дарма. Бо паселішча Ленін, заснаванае слуцкім князем Юр’ем Алелькавічам у 1568-м годзе, сваёю назвай абавязанае князевай жонцы Алене Радзівіл. Гэта ўнікальны куток Заходняй Беларусі ў Гомельскай вобласьці. Мястэчка, дзе яшчэ захаваўся дух Вялікага Княства. І заехаць туды варта.

Я шмат чуў пра вадохрышчанскія маразы 1940-га году. Калі з Заходняй Беларусі вывозілі тысячы людзей у Сыбір і Казахстан. Але на днях упершыню пабачыў чалавека, які быў там, сярод высланых. У 40-м годзе Ўладзіміру Бабчанку было 14 гадоў. Нягледзячы на паважны ўзрост, стары селянін захаваў прыродную моц.


— Мяне ў 14 гадоў саслалі ў Казахстан.


— Усю сям’ю?


— Так, усю. Бацьку раней узялі, расстралялі недзе.


— За што?


— Мой дзед быў пры цару ўраднікам. У воласьці. Яны ўсе па тых часах былі адукаваныя. Мой бацька, як Польшча стала, стаў інспэктарам падатковым.


— І вось толькі за гэта...


— Толькі за гэта. Я, брат і сястра... Сястра памерла там, у Казахстане. А мы вярнуліся празь сем гадоў. На папялішча.


— А куды вас саслалі? Што гэта было?


— Гэта страшна было. Пасёлкі называліся па нумарах. Лапаты давалі, кіркі. Зямлянкі капай. На фронт ня бралі раскулачаных. А пасьля, у 42-м годзе, цэлыя палкі ішлі з аднаго сяла. Больш за тысячу чалавек.


— На Сталінград.


— Так. Адтуль мала хто вярнуўся.


— А вас чым туды везьлі?


— Таварнымі вагонамі.


— Усе даехалі жывыя?


— Усе.


— У дарозе кармілі?


— Ніхто не карміў. Свае прадукты былі. Мы ж ведалі, што нас вывезуць. Загадзя.


Стары Ўладзімір Бабчанок — сапраўдны ленінец. Можна нават сказаць, апошні карэнны ленінец. У прамым сэнсе. Бо нарадзіўся і ўсё жыцьцё, акрамя высылкі, жыве ў сваім мястэчку, у Леніне. Але ў размове пра былое асьцярожны. Нават намагаецца апраўдаць савецкую ўладу, якая адняла ў яго бацьку і сястру.


— Пры чым тут савецкая ўлада? Гэта праграма такая была. Патрэбна была бясплатная рабочая сіла. Трэба было будаваць сацыялізм. Вось і гналі ўсіх туды.


— Як вы іх апраўдалі. Трэба будаваць сацыялізм.


— На касьцях пабудаваны. На касьцях.


— А ці многа людзей зь Леніна было саслана?


— Лесьнікі, асаднікі. Мароз быў сорак градусаў. На хрышчэньне іх высылалі ў саракавым годзе. А пасьля палітычных. Нас палітычнымі лічылі. Выслалі самых гаспадароў. Засталіся пралетарыі. Прапілі, прагулялі, і прапала ўсё на сьвеце.




Прагуляйцеся па мястэчку. Яго крыху крануў лукашэнкаўскі аграрэнэсанс зь яркімі платамі. За саветамі тут зьніклі і царква, і радзівілаўская сядзіба, і касьцёл. Яшчэ захавалася некалькі старасьвецкіх камяніцаў, але ва ўсім навакольлі адчуваецца заняпад. Дзьве ўсьмешлівыя жанчыны ідуць у бок фэрмы.


— І колькі зараз ленінскім даяркам плацяць?


— 600, 700.


— Даляраў?


— Якіх даляраў? Госпадзі! Якія даляры!


— А як жыць?


— Вось менавіта! Як жыць? Чатыры душы!


Мяне заўжды дзівяць шчасьлівыя ўсьмешкі на тварах нашых сялянак, калі яны абвяшчаюць памер свайго заробку. Як быццам спаборнічаюць у конкурсе «каму цяжэй жывецца ў Беларусі». Прычым чым мізарнейшая сума зарплаты, тым сьвятлейшая ўсьмешка будзе на твары. Вялікая беларуская загадка.




Але ёсьць некалькі аб’ектаў, дзеля якіх Ленін варта ўключыць у які турыстычны маршрут. Толькі тут існуюць габрэйскія могілкі з драўлянымі надмагільлямі. Побач з моцнымі камянямі стаяць цудам ацалелыя, спарахнелыя дошкі з выразанымі літарамі на ідыш. А на праваслаўных могілках захавалася драўляная капліца, пастаўленая ў гонар Аляксандра Другога, «асвабадзіцеля». Замшэлая, зь пяцьцю драўлянымі цыбулінамі наверсе, з чорным уваходам. Яна паўстала перад вачыма, калі на могілках ужо пачало цямнець. І, гледзячы ў яе чорны атвор, я адчуў сябе героем гогалеўскага «Вія».




Уладзімір Бабчанок памятае і гэтую капліцу, калі яны стаяла не на могілках, і іншы Ленін. Не асфальтавы, а брукаваны. Не сяльпоўскі і сталоўскі, а крамны і карчомны. Не савецкаязычны, а шматмоўны і шматнацыянальны.


— Тут было пяць тысяч жыхароў. Тры тысячы габрэяў.


— Гэта амаль горад быў.


— Трыццаць дзьве крамы. Гэта быў раён. Мікашэвічы сюды ўваходзілі, Лахва, Сянкевічы. На тры вобласьці наш раён падзелены.


— Як прыйшлі саветы Ленін ня выйграў.


— Нават назву хацелі зьмяніць. Леніна. А фактычна Ленін. Пасьля вайны нас, мясцовых, нікога, можна сказаць, не засталося.


— А гэтая капліца на могілках...


— Гэта помнік Аляксандру. Ён стаяў тут на павароце. Дзе салдат стаіць. У 35-м пагрузілі на вагонкі і па рэйках штурхалі. Месца неяк няўдала займаў. Дарога ішла па адзін бок ад яго і па другі. А гэта ж была дарога слуцкая. Корчмы стаялі па дарозе. Чалавек мог пераначаваць. Шлях быў.


— Гэты слуцкі шлях ішоў празь Ленін? Ня там, дзе цяпер дарога?


— Не. Там былі балаты бясконцыя.


— І тут было бойкае месца.


— Тут былі кірмашы. З Давыд-Гарадка коней прадавалі. І корчмы, і піўныя ўсялякія. І клюбы забаўляльныя.


— Тады не пілі так, як зараз. Мужыкі зажытачныя зьбяруцца. Музыка. І скрыпка, і духавы аркестар. Што хочаш было. Гармошка. Стары шлях, так. Прычым яго падтрымлівалі. Да Мікашэвіч было 13 мастоў, і кожны дзень чалавек праяжджаў зь мятлой. Машын не было. Але ўсё роўна. Масты гарбатыя, ёлачкай усланыя.




Яшчэ ня так даўно жыў у Леніне краязнаўца Ўладзімір Баярын. Які быў апантаны ідэяй, што Ўладзімір Ульянаў узяў сабе псэўданім, пазнаёміўшыся ў Вільні зь ленінскімі купцамі. Баярын сабраў на ўласныя сродкі вялікую бібліятэку твораў Леніна на розных мовах.




Гэта, напэўна, самы вялікі збор твораў Ільіча пасьля Нацыянальнай бібліятэкі. Яго мне паказаў дырэктар мясцовай школы Сяргей Бачышча.




— Тут і на рускай, і на армянскай, на эстонскай, і на іншых мовах.


— Во які быў апантаны чалавек. Суцэльныя Леніны. На розных мовах.


Дзякуючы руплівасьці пана Бачышчы ў Леніне музэй ня толькі мае свой асобны будынак і цікавую калекцыю. Экскурсіі тут праводзяць самі дзеці. І, слухаючы шасьціклясьніка Сашу, можна сказаць, што ня ўсё яшчэ прапала для ленінскай будучыні.




— Да нас прыйшоў адзін малады чалавек. І папрасіў, каб мы яму адкрылі музэй. Праходзячы па музэі, ён заўважыў гэты фатаздымак. І адразу ўпаў на калені. Мы спалохаліся. Думалі, чалавеку стала дрэнна. Але потым ён расказаў, што на гэтым фатаздымку ён пазнаў свайго прадзеда. Яная. Янай з іўрыту на беларускую — гэта значыць голуб. Ён да нас прыехаў разам з бацькамі сваімі, і яны падарылі нам сваё дрэва генэалягічнае. Нават пасол Ізраілю да нас у музэй прыяжджаў.


Саша бярэ вялізарную дахоўку.




— Адзін з доказаў таго, што Ленін ня мае дачыненьня да мянушкі Ўладзіміра Ільліча Леніна, — вось гэтая дахоўка. На якой напісана: «В.С. Огарковъ. Ленинъ. Минская губернія». Гэтую дахоўку вырабляў мясцовы майстар Агаркаў. І ён яе адпраўляў на продаж па ўсёй краіне. Нават у Пецярбург.


Будучыню Леніна Сяргей Бачышча зьвязвае з турызмам.


— Вы адчуваеце сваю адарванасьць ад вялікіх цэнтраў?


— Прыходзіць лета — і ўсе абласныя цэнтры сядзяць вось тут, на рацэ на нашай. І Салігорск, і Слуцак, і Менск. Усе адпачываць сюды прыяжджаюць. Бо месца прыгожае.


— А колькі зараз жыхароў?


— Недзе сямсот. Кожны год усё меней і меней.


— І якія пэрспэктывы?


— Ніякіх. Ня бачу пакуль, на каго абаперціся можна. У чым абаперціся? Экалягічны турызм. У нас у школе была распрацавана экалягічная сьцежка. Працягласьць атрымлівалася чатыры кілямэтры. Гісторыка-экалягічная сьцежка. Пачатак па вёсцы. Гістарычная частка. Пасьля выходзім на луг, і там экалягічная. Праект гэты пакуль не ідзе ў нас. Калі б тут удалося разьвіць турызм... Тут вельмі цікавыя мясьціны.




А скончым наша падарожжа адной цікавай дэтальлю зь мінулага, якую распавёў Уладзімір Бабчанок. Ёсьць што параўнаць зь цяпершчынай.


— Граніца, дзе рака ў нас. Калі разьліў быў — дык ад тых хат да нашых клецяў. Кантрабандай некаторыя займаліся. Лісіныя шкуркі былі дарагія. А ў саветаў танныя. То за лісіную шкурку ў нас адзін тут хутар купіў.


— Гандлюючы лісінымі шкуркамі?


— Так. Пайшла мода на каўняры лісіныя. І паны куплялі. 25–30 злотых шкурка каштавала. Карова каштавала столькі ж.


— Вось гэта бізнэс.


— Так. Гектар зямлі каштаваў 120 злотых.


— Ён выжыў у 39-м? Яго не саслалі нікуды?


— Ён і немцаў перажыў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG