Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка сёньня даручыў «прапрацаваць пытаньне павышэньня грашовага забесьпячэньня» вайскоўцаў і супрацоўнікаў усяго сілавога блёку.

Апрача таго, ён даручыў «вырашыць задачу па забесьпячэньні ваеннаслужачых жыльлём, у тым ліку службовым, у ваенных гарадках».

Даручэньне прагучала на нарадзе зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Леанідам Мальцавым і міністрам абароны Юрыем Жадобіным.

«Мяне цікавіць сытуацыя ва Ўзброеных сілах, мадэрнізацыя арміі, у тым ліку пытаньні фінансаваньня. Другі напрамак, які нам неабходна абмеркаваць, — кадры, грашовае забесьпячэньне. І самае галоўнае пытаньне — будаўніцтва жыльля для вайскоўцаў. Мы дамаўляліся аб выпрацоўцы пэўнага альгарытму ў гэтым пытаньні, — сказаў Лукашэнка. — У сувязі з гэтым у нас ёсьць дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі. Я яму накіраваў ліст пра неабходнасьць пошуку для беларускіх вайскоўцаў дадатковых сродкаў за кошт розных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. І ён паабяцаў дапамагчы ў гэтым пляне».

Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Расеі практычна агульная армія і перад ёй стаяць аднолькавыя задачы, але памер грашовага забесьпячэньня вайскоўцаў дзьвюх краін адрозьніваецца. Ён запатрабаваў, каб такое становішча было зьменена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG