Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў пошуках «арктычнай» саляркі


Рэдкая АЗС пад Гомелем з арктычным палівам.

Рэдкая АЗС пад Гомелем з арктычным палівам.

У моцныя маразы цяжка даводзіцца кіроўцам дызельных аўто. Нават калі рухавік удалося запусьціць, няма ніякай гарантыі, што машына не захлохне пасярод дарогі.

Прычынай таму — дызельнае паліва, не разьлічанае на нізкія тэмпературы. У гэтыя дні многія беларускія аўтамабілісты праводзяць у чэргах па «салярку», якая не застывае на марозе. Але ў продажы яна бывае рэдка, і не ўсюды.

Аўтазаправачная станцыя № 17 «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт» у вёсцы Яроміна Гомельскага раёну месьціцца побач з ажыўленай трасай на Магілёў. Тут ніколі не бывае пуста. Кіроўцам, якія маюць аўтамабілі з дызэльнымі рухавікамі, сёньня пашчасьціла: у продажы было дызэльнае паліва «Арктыка».

Кіроўца «Нісану» спадар Сяргей: «Першы раз „Арктыку“ запраўляю, першы раз бачу яе ў продажы. Я ў Гомелі пастаянна ежджу — вельмі рэдка яна бывае. Першы раз за ўвесь час, а я за месяц па 10 тысяч кілямэтраў наяжджаю. Няма больш нідзе».

Сытуацыю пацьвярджае й спадар Сяргей, кіроўца мінівэна:

«Па магілёўскай трасе ехалі — „Арктыка“ толькі на гэтай запраўцы».

У вялікія маразы, якія апошнім часам абрынуліся на рэгіён, шмат у каго з кіроўцаў былі праблемы з запускам дызэльных рухавікоў. Уладальнік няновага «Фальксвагена» спадар Аляксандар кажа, што калі моцна пахаладала, то стаў шукаць праз інтэрнэт, дзе заправіць сваё аўто адмысловай зімняй саляркай:

«Я „Арктыку“ шукаю — прачытаў пра яе ў інтэрнэце. І пачаў зьмешваць. У мяне варонка зь сеткай ляжыць — звычайную салярку не магу заліць. „Арктыка“ ліецца, што й не заўважаеш. Я заліваў у пятніцу, мароз быў каля 30 градусаў, дык яна ліецца як вада. Цяпер у мяне ў баку 50:50».



Аляксандар кажа, што яму бліжэй запраўляцца на АЗС у горадзе на вуліцы Лугавой. Аднак там бываюць і чэргі, а ў Яроміне іх сёньня няма.

Кіроўца кажа, што мяшае «Арктыку» са звычайным дызэльным палівам таму, што так таньней. Кошт адмысловай зімовай саляркі — 7 100 рублёў, а звычайная каштуе 6 300 рублёў за літар.

Нягледзячы на вышэйшы кошт «Арктыкі», водпуск яе абмежаваны. Пра гэта папярэджвае аб’ява ля касы: грузавым аўто — 100 літраў, легкавікам — 50.

На аўтазапраўцы прадпрыемства «Гомельтранснафта-Дружба» на вуліцы Малайчука «Арктыку» наагул не прадаюць. Чаму — тлумачыць апэратар АЗС:

«„Арктыкі“ ў нас няма й не бывае. У нас няма для гэтага рэзэрвуараў. Паліва зімовае, але ня „Арктыка“. Недастаткова рэзэрвуараў — у нас толькі адзін рэзэрвуар для дызэльнага паліва».



Некаторыя кіроўцы, каб у маразы ня мучыцца з аўтамабілем, зьмешваюць салярку з бэнзінам, іншыя, як спадар Віталь, дадаюць у дызэльку адмысловыя прысадкі:

«Антыгель для дызэльнага паліва дадаю. Яны розныя ёсьць: манолаўскія — 1 грам на літар. Вось гэтыя маразы былі мінус 30, але я зь першага тычка заводзіў рухавік».

XS
SM
MD
LG