Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як прыярытэт АГП


Прозьвішчаў сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ні ў якім разе ня будзе ў бюлетэнях для галасаваньня на сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта сёньня заявілі на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Леў Марголін. Паводле іхных слоў, гэта не азначае, што АГП будзе ігнараваць магчымасьці, якія дае выбарчая кампанія.

Лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявілі, што для партыі выбары ня ёсьць галоўным прыярытэтам. Асабліва — мясцовыя ці парлямэнцкія. Мэту партыі патлумачыў Анатоль Лябедзька:

«Мы выйшлі на тое, што галоўны прыярытэт для нас сфармуляваны ў вельмі кароткім сказе: Лукашэнка. Сыстэма Лукашэнкі — гэта ёсьць праблема. Усё астатняе выцякае адсюль. Усё астатняе — наступствы. Таму мы і прапануем, што трэба вырашаць з самім чыньнікам, а не змагацца зь яго наступствамі».

Таму АГП ня будзе прывязваць сваю дзейнасьць да восеньскіх выбараў. А скарыстае гэтую кампанію выключна для інфармацыйнай працы — давесьці праўду пра становішча ў краіне празь дзяржаўныя тэлебачаньне, радыё і друк, што дазваляе выбарчае заканадаўства. Як дазваляе яно афіцыйна зарэгістраваным палітычным партыям вылучыць сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах.

Гэтымі магчымасьцямі і зьбіраецца скарыстацца АГП. Але сваім вылучэнцам партыйнае кіраўніцтва ставіць некалькі абавязковых умоваў — тлумачыць Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Кожны з удзельнікаў дае пісьмовыя абавязаньні, што ён рэалізуе падчас выбарчай кампаніі ня тое, што яму захочацца сказаць, а тое, што сфармулявана як галоўны мэсыдж і пасланьне. Яго абавязак — у вызначаны час зьняцца з гэтай кампаніі. Кожны лідэр арганізацыі, якая ўдзельнічае ў гэтым пляне, бярэ на сябе пэрсанальны абавязак кантролю над сябрамі сваёй арганізацыі. Трэба ліквідаваць і эканамічную залежнасьць удзельнікаў. Гэта азначае, што яны не бяруць фінансы ў дзяржавы, а сваю дзейнасьць праводзяць праз фонды, якія дазваляе стварыць выбарчае заканадаўства».

Для таго, каб такі плян стаў рэальным, АГП прапануе, каб абсалютна ўсе вылучэнцы былі сябрамі зарэгістраваных палітычных партыяў і падпарадкоўваліся партыйнай дысцыпліне. Леў Марголін, які сам двойчы ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, спасылаецца на свой досьвед:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Таму мы супраць таго, каб нехта ішоў праз збор подпісаў выбарцаў. Калі вы зьбіраеце подпісы, вы ствараеце сваю каманду. Затым гэтая каманда ідзе да людзей. Але ж вельмі складана патлумачыць людзям, што вы просіце іх подпісы і пры гэтым кажаце, што ўдзельнічаць у выбарах ня будзеце.

Такім чынам партыйныя вылучэнцы пазбаўляюцца вялікай спакусы заставацца ў выбарчай гонцы да апошняга дня і ўдзельнічаць у галасаваньні».

Такую стратэгію кіраўніцтва АГП лічыць больш эфэктыўнай за звычайны байкот выбараў. 8 лютага яно распачне кансультацыі і перамовы з партнэрамі па дэмакратычнай апазыцыі, каб і яны далучыліся да гэтага пляну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG