Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: за сьвечкі на «Дзяды» не апраўдалі


Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле вырак Бабруйскага суду ў адносінах да сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Арцёма Мархасёва.

22 сьнежня актывісту прысудзілі штраф у сямсот тысяч рублёў за ўдзел 2 лістапада ў несанкцыянаваным палітычным шэсьці. За гэта ж такім жа штрафам пакаралі яшчэ трох сяброў АГП — Алену й Дзьмітрыя Тоўсьцікаў ды Марыю Іванову. Абскарджваў вырак толькі Мархасёў.

На разглядзе скаргі ў абласным судзе Арцёма Мархасёва не было. Пастанову суду ён атрымаў поштай. Паводле актывіста, ягоную скаргу разглядаў судзьдзя Сяргей Конеў.

«Мяне не апраўдалі. Па ўсіх пунктах я прызнаны вінаватым. Зрэшты, іншага не чакаў. Вырак абласнога суду — гэта зьвяно таго ж ланцуга. Усё раней было ўзгоднена з бабруйскімі ідэолягамі. У скарзе я ўсіх згадваў, каго Бабруйскі суд аштрафаваў. Калі мяне не апраўдалі, значыць, не апраўдалі і іх. Вінаватым я сябе не лічу. Ні ў якім палітычным шэсьці я ня ўдзельнічаў», пракамэнтаваў рашэньне абласнога суду Арцём Мархасёў.

Актывістаў затрымалі 2 лістапада, калі яны са сьвечкамі ў руках зьбіраліся прайсьці на плошчу Перамогі да памятнага знаку ахвярам рэпрэсіяў. Актывістаў гвалтам зацягнулі ў службовую міліцэйскую машыну й адвезьлі ў пастарунак. Пазьней на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Разглядала справу судзьдзя бабруйскага суду Тацяна Тарабуева. Сьведкамі абвінавачваньня былі міліцыянты, якія затрымлівалі актывістаў. Іх тлумачэньні і сталі падставай для выраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG