Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіна: «Гэта — прапагандысцкая фальшыўка»


5 лютага ў праграме «Ў цэнтры ўвагі» Беларускае тэлебачаньне зрабіла спробу дыскрэдытацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У фільме кіраўніцтва БАЖ абвінавацілі ў атрыманьні грантаў ад амбасады Вялікай Брытаніі. Былі паказаны дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра гэта, — безь пячатак і подпісаў. Падставай для праграмы быў названы ананімны ліст ад нейкага былога сябра БАЖ, які абвінавачвае асацыяцыю ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў.

У сюжэце пра БАЖ Беларускае тэлебачаньне выкарыстала здымкі схаванай камэрай, падпільноўвала кіраўніка БАЖ на выхадзе з дома і на вуліцы пад сьнегам просіла пракамэнтаваць нейкія паперы. Урэшце, стваральнікі праграмы зьвярнуліся па дапамогу да псыхіятра, які па відэа аналізаваў паводзіны чалавека. А ў якасьці галоўнай інфармацыйнай крыніцы фігуруе ананімка. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Мне падаецца, што байка пра ананіма — гэта сапраўды байка. Таму што ніякага ананіма і ў прыродзе не было з гэтымі лістамі, выкладзенымі на старонцы ў Livejournal разам з дакумэнтамі. Хутчэй за ўсё, мы зноў маем справу зь нейкімі непрацэсуальнымі дзеяньнямі КДБ. А ў зьвязку з тым, што яны непрацэсуальны характар мелі, выкарыстаць іх працэсуальна ніякім чынам немагчыма. Таму вырашылі вось такім чынам гэта ўсё прадставіць, ананіма прыдумаць».

Кіраўніца БАЖ Жанна Літвіна ўзгадвае ўзмацненьне ціску на незалежных журналістаў, шматлікія арышты і затрыманьні, крымінальныя справы і лічыць прэм’еру БТ лягічным працягам усяго гэтага:

Жана Літвіна
Жана Літвіна
«Гэтую прапагандысцкую фальшыўку варта разглядаць у адным ланцужку.

Калі мы як грамадзкая арганізацыя займаемся ў першую чаргу абаронай правоў на прафэсію сваіх калегаў, то я ўвесь час падкрэсьліваю, што мы займаемся абаронай правоў грамадзянаў на атрыманьне праўдзівай інфармацыі. А вось тое, што ў эпіцэнтры ціску, дыскрэдытацыі чарговым разам апынаюцца журналісты, гэта сьведчыць пра тое, што ў сытуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадзтве, у сытуацыі запатрабаванасьці незалежнай журналістыкі ўсё цяжэй і цяжэй кантраляваць настроі людзей, кантраляваць грамадзкую думку. І таму трэба прыбраць тыя незалежныя крыніцы інфармацыі, якія даюць магчымасьць думаць над нашай рэчаіснасьцю, думаць над будучыняй».

Што да журналістыкі, прафэсійных якасьцяў і мэтадаў стваральнікаў сюжэту БТ, журналіст зь вялікім стажам, ляўрэат шматлікіх журналісцкіх прэміяў, былы галоўны рэдактар радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» Жанна Літвіна кажа:

«Проста прыкра. Для мяне гэта паказчык таго, што як прафэсія журналістыка сыходзіць зь Беларускага тэлебачаньня. Прысьвяціўшы столькі эфірнага часу БАЖу, не знайсьці месца і ўсё ж распавесьці, што сабой уяўляе арганізацыя, — для мяне гэта абсалютна незразумела. І гаворачы пра фінансаваньне, не ўзгадаць, што арганізацыя была яшчэ ў 2004 годзе ўзнагароджаная прэміяй імя Сахарава, прэміяй Эўрапарлямэнту — гэтыя сродкі былі пералічаныя на рахунак арганізацыі, зь іх былі выплачаны ўсе падаткі. І менавіта вось гэтае фінансаваньне арганізацыя на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўвала на свае статутныя мэты, падтрымлівала ім сваю дзейнасьць».

Што тычыцца супрацьпастаўленньяў, праведзеных Беларускім тэлебачаньнем — маўляў, брытанская амбасада не дапамагае хворым беларускім дзецям, але фінансуе праекты БАЖ, — галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч кажа:

Іосіф Сярэдзіч
Іосіф Сярэдзіч
«У нас грошай у краіне — можна браць граблі і зграбаць у мяхі. Няхай БТ высьветліць, колькі грошай падаткаплатнікаў яно забірае на хлусьню, на тое, каб сапраўды адурманьваць людзей. Трэба менш будаваць непатрэбных аб’ектаў, а дапамагаць хворым дзецям. Хто перашкаджае?

І другое: сапраўды, заканадаўства ў галіне СМІ трэба мяняць, мадэрнізаваць. І правільна БАЖ робіць, што турбуецца наконт гэтага».

Што да рэакцыі амбасады Вялікай Брытаніі ў Беларусі на фільт БТ, прэсавы сакратар амбасады Іна Рымашэўская кажа:

«У нас няма камэнтароў з гэтай нагоды. Так, перадачу мы глядзелі. Але камэнтароў няма».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч перакананы, што сюжэт, які стваральнікі назвалі «Баш на БАЖ», — яшчэ адно зьвяно ланцуга прапаганды і дыскрэдытацыі ў дачыненьні да няўрадавых арганізацыяў:

«Спачатку былі праваабаронцы і справа Бяляцкага, цяпер узяліся за незалежных журналістаў. Асноўная ідэя сюжэту, якая там прасочвалася, — гэта што Беларуская асацыяцыя журналістаў, маўляў, ніякага дачыненьня да журналістаў ня мае. Гэта чарговыя агенты ўплыву Захаду, якія робяць заказныя матэрыялы, загадзя аплачаныя. Хоць тыя адукацыйныя сэмінары ў Вільні, якія яны там называлі, насілі абсалютна, на мой погляд, нявінную форму: „Праблемы інтэрнэт-журналістыкі“. Цікава таксама было паглядзець на афіцыйных журналістаў: вось ужо хто б „мычаў“ пра заказныя матэрыялы!»

Старшыня БАЖу Жанна Літвіна, якая 18 гадоў прапрацавала ў Белтэлерадыёкампаніі і 10 зь іх — галоўным рэдактарам, кажа:

«Магчыма, мы абавязаныя ўжо аказаць дапамогу ў арганізацыі адукацыйных праграмаў для супрацоўнікаў БТ, каб нейкім чынам дапамагчы ім авалодаць прафэсіяй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG