Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Байнэце віруе дыскусія вакол сэнсацыйнай прапановы кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь», грамадзкай арганізацыі, базаванай у Брусэлі. Сутнасьць прапановы — скарэктаваць сьпіс 210 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, на якіх накладзеныя візавыя і фінансавыя санкцыі ЭЗ, і скараціць яго прыкладна на 25 чалавек, пераважна рэктараў ВНУ і асобаў, якія пайшлі ў адстаўку. А таксама дадаць у яго службоўцаў, датычных да справы Бяляцкага.

Першакрыніцай стала наша радыё — упершыню пра прапанову спадарыні Стужынскай паведаміў падчас онлайн-канфэрэнцыі на Свабодзе Віталь Рымашэўскі, першае інтэрвію з выкладаньнем сваёй пазыцыі Вольга дала таксама менавіта нашаму радыё.

Ну а далей панеслася. Адзін з самых інтрыгуючых момантаў дыскусіі, на які зьвярнула ўвагу грамадзкая дзяячка Вольга Карач — гэта тое, што Вольга Стужынская, абараняючы сваю пазыцыю, туманна намякала на нейкія сілы, экспэртаў і палітыкаў, якія стаяць за яе прапановай і падзяляюць яе пазыцыю, але пакідала без адказу ўсе просьбы паведаміць «імёны, яўкі, адрасы».

Але, на мой погляд, таямніцы насамрэч ніякай няма. Не, ня ў тым справа, што я ведаю нейкія сакрэты «брусэльскага двара» ці кіраванага спадарыняй Стужынскай офісу.

Усё насамрэч напісана і прагаворана.

«Тоже мне — бином Ньютона»


Наша радыё паведамляла, што роўна два месяцы таму ў Брусэлі прайшла экспэртная канфэрэнцыя пад назвай «Трансфармаваньне Беларусі: шляхі дасягненьня», арганізаваная навуковым цэнтрам «Карнэгі Эўропа», Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) і ўжо знаёмым «Офісам за дэмакратычную Беларусь» спадарыні Стужынскай. Удзельнікамі канфэрэнцыі з эўрапейскага боку былі супрацоўнікі розных дасьледчых цэнтраў і некаторыя палітыкі, у прыватнасьці, эўракамісар Штэфан Фюле. Некаторымі высновамі, да якіх прыйшлі ўдзельнікі «мазгавога штурму», тады падзяліўся з намі экспэрт BISS Дзяніс Мельянцоў:

«Галоўным для Брусэлю цяпер застаюцца спробы трансфармаваць беларускае грамадзтва і працаваць на карысьць пераменаў не на высокім палітычным узроўні, а праз уплыў на сьвядомасьць беларусаў, разьвіваючы розныя праекты абменаў, вырашаючы праблему візаў і г. д. ...на гэтай канфэрэнцыі лейтматывам было тое, што санкцыі — контрпрадуктыўныя, калі казаць пра магчымасьць трансфармацыі палітычнай сыстэмы ў Беларусі, паколькі яны выштурхоўваюць Беларусь далей да Расеі і не прыводзяць да зьменаў унутры Беларусі. На канфэрэнцыі быў прыняты кансэнсус: што для ЭЗ санкцыі — ня выбар, іх не абмяркоўваюць, яны наўрад ці будуць уведзеныя. І падпісаньне дамоваў з Расеяй яскрава паказала, да чаго прыводзяць санкцыі, і эўрапейцы зрабілі з гэтага выснову».

На канфэрэнцыі таксама гаварылася пра працу зь беларускай намэнклятурай, як пра даволі пэрспэктыўны кірунак. І не таму, што такі ўжо вялікі чаканы плён ад яго, а таму што посьпехі беларускай апазыцыі ў 2011 годзе ва ўмовах унікальнага сацыяльна-эканамічнага крызісу былі да леташняга сьнежня ва ўсіх перад вачыма. Ну а калі трэба працаваць зь беларускай намэнклятурай, то хіба варта адштурхоўваць яе і рабіць ворагам, узмацняючы ў тым ліку і візавыя санкцыі? Пагадзіцеся прынамсі з тым, што ў гэтым «ёсьць свая сыстэма».

Ну і яшчэ маленечкае дапаўненьне — паведамленьне Вольгі Стужынскай у інтэрвію агенцтву «Рэгнум»: «Дзейнасьць нашага офісу фінансуецца Эўракамісіяй, паступае падтрымка ад урадаў краін ЭЗ і міжнародных фондаў».

Неяк ня надта зразумела цяпер, хто суаўтары, а можа і аўтары прапановы кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь»? Як казаў булгакаўскі Бегемот: «Тоже мне — бином Ньютона».

Лірычнае адступленьне першае


Тут варта зрабіць адно невялічкае лірычнае адступленьне. У беларускіх палітычных дэбатах каронны аргумэнт — хто за кім стаіць і «з чыйго голасу пяе», як пісалі зубры савецкай журналістыкі. Апошні ўзор гэтага жанру — цікавае нядзельнае кіно БТ пра брытанскую амбасаду і яе наведнікаў. Ну і мы, грэшныя, нярэдка даведваемся ад нашых слухачоў, якія мы «лёкаі крыважэрнага амэрыканскага імпэрыялізму». Але гэта насамрэч даволі слабы аргумэнт. Можна падумаць, што сябры БАЖ без брытанскага і іншага садзеяньня ператварыліся б у самыя баявітыя пер’і «Советской Белоруссии» і самыя звонкія галасы БТ. Ці што Вольга Стужынская, калі б не фінансаваньне ЭЗ, стала б палымянай публіцысткай парталу «Хартыя-97». Ці што адлучаныя ад крыніц фінансаваньня змагары за самыя жорсткія з магчымых санкцыяў адносна Беларусі раптам усьвядомілі, што ня ў санкцыях шчасьце. У рэшце рэшт усё роўна наадварот і пры астатніх роўных людзі шукаюць сабе крыніцы падтрымкі, чые погляды на сьвет у мінімальнай ступені разыходзяцца зь іх уласнымі. І часта знаходзяць. Так што да прадастаўленьня неабвержных доказаў карысьлівых матываў прасьцей і прыстойней прэзумаваць, што людзі ў сваіх учынках кіруюцца ўласным розумам і ўласнай дурасьцю.

Гэта да таго, што зробленае вышэй невялічкае дасьледаваньне — зусім не папрок Вользе Стужынскай. Яна проста агучыла ня толькі сваю ўласную пазыцыю, але і пазыцыю прынамсі значнай часткі эўрапейскай палітычнай і аналітычнай супольнасьці. І чым накідвацца з папрокамі на яе, трэба ўсьвядоміць, чыя гэта пазыцыя насамрэч, чаму да яе прыйшлі і чаму да прапановы могуць прыслухацца.

Лірычнае адступленьне другое


Тут варта зьвярнуць увагу на яшчэ адну асаблівасьць айчынных слоўных баталіяў. У спрэчках пра заходнюю палітыку часам няўлоўна губляецца ўсьведамленьне, што гэта ІХ палітыка, ІХ санкцыі і ІХ скасаваньне санкцый, ІХ разьлікі агульнага стану ІХ рэсурсаў, нарэшце ІХ асабістыя дачыненьні зь беларускай уладай. Усё гэта іх, а ня нашае. Гэта тым больш іх, што цяперашнія санкцыі адносна Беларусі — гэта не прыватны выпадак ўжываньня ўнівэрсальнага падыходу (калі ўлады недзе ў сьвеце робяць так, на гэта робіцца ў адказ гэтак), а наадварот — справа абсалютна эксклюзіўная, рашэньне ad hoc, прынятае з ўлікам самых розных чыньнікаў, некаторыя зь якіх ўдзельнікам беларускіх інтэрнэт-голівараў могуць нават не прыходзіць у галаву. Вось расстраляў Назарбаеў сваіх рабочых у Жанаазэне летась — і дзе санкцыі супраць яго? Ізноў жа — сказана зусім не ў папрок, ня дзеля выкрыцьця «падвойных стандартаў» падступнай Эўропы, якія гэтак кантрастуюць з маральнай чысьцінёй насельнікаў Байнэту. А дзеля ілюстрацыі таго ж самага — гэта іх справа, іх палітыка. Сёньня такая, а заўтра іншая.

Мяне замілавала фраза аднаго шаноўнага палітоляга, сказаная ў дыскусіі: «Трэба прымусіць Эўропу....». Але калі ёсьць такая непераможная моц, каб прымусіць Эўропу, дык можа варта выкарыстаць гэтую моц па прамым прызначэньні і прымусіць да нечага наўпрост Аляксандра Рыгоравіча? Прынамсі Эўропа, заклапочаная цяпер зусім іншымі праблемамі, будзе за гэта асабліва ўдзячная.

А калі бяз жартаў, то сьціплей трэба быць у сваіх патрабаваньнях і паадэкватней ацэньваць сваю ролю у брусэльскіх і іншых рашэньнях. Вось у самой Беларусі — зусім іншая справа, тут беларусы — сапраўды апошняя і вышэйшая інстанцыя. І ад таго, што беларусы самі ў сябе дома зробяць, будзе залежаць і стаўленьне Эўропы. Яе сапраўды можна прымусіць, але дзеяньнямі ўнутры краіны. Але калі вынікі гэтых дзеяньняў маланатхняльныя, хай сабе гэта мае мільён тлумачэньняў прычын і перадумоваў, то Эўропа будзе зыходзіць менавіта з вынікаў, а не з тлумачэньняў прычын і перадумоваў. Эўрапейцы могуць нават падумаць, што людзі, якія дасягаюць настолькі мізэрных посьпехаў дома, ня надта добра ведаюць сваю краіну і таму іх парады варта адно ўважліва выслухоўваць. Але рабіць свае высновы, прымаць свае рашэньні, заходзячы са свайго ўласнага розуму і дурасьці.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG