Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавыя сілы сёньня абстралялі зь цяжкай зброі горад Хомс у цэнтральнай частцы Сырыі. Забітыя прынамсі 15 чалавек, параненыя — каля 150. Як паведамляюць актывісты апазыцыі, улады ўжылі вайсковыя верталёты і ракетныя ўстаноўкі.

Сёньня таксама быў абстраляны горад Забадані на паўночным захадзе ад Дамаску непадалёк ад лібанскай мяжы.

Паводле зьвестак базаванага ў Лёндане Цэнтру назіраньня за правамі чалавека ў Сырыі, былыя вайскоўцы, якія перайшлі на бок апазыцыі, атакавалі ваенны пост у правінцыі Ідліб побач з турэцкай мяжой. Загінулі трое сырыйскіх вайскоўцаў.

У суботу Расея і Кітай заблякавалі праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН з асуджэньнем рэпрэсій супраць дэманстрантаў у Сырыі і заклікам да прэзыдэнта Башара Асада сысьці ў адстаўку. Праект рэзалюцыі быў заснаваны на пляне ўрэгуляваньня крызісу, які прапанавала Ліга арабскіх дзяржаў.

Дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан асудзіла расейскае і кітайскае вэта на рэзалюцыю, назваўшы яго «пародыяй» і абвінаваціўшы Маскву і Пэкін у абароне «жорсткага рэжыму ў Дамаску».

Сёньня прадстаўнік міністэрства замежных спраў КНР заявіў, што кітайскі ўрад не адвакат сырыйскага рэжыму, але хоча абараніць справядлівасьць.
XS
SM
MD
LG