Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Урад Беларусі лічыць непрымальнай скаргу маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва аб парушэньні права на жыцьцё, бо яны ня вычарпалі ўсе магчымасьці абароны ўнутры краіны», — напісана ў паведамленьні, якое атрымала Любоў Кавалёва.

Маці абвінавачанага за тэракт у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва апавяла, што яны з дачкой Тацянай ад імя сына зьвярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека з заявай пра парушэньне права на жыцьцё й права на справядлівы суд, і 15 сьнежня гэтая заява была зарэгістраваная.

«На адрас беларускай дзяржавы была накіраваная нота з патрабаваньнем не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд да разгляду скаргі Камітэтам ААН па правах чалавека. Як высьветлілася, беларускі бок ня хоча выконваць гэтае патрабаваньне і лічыць нашу скаргу „непрымальнай“. Такое паведамленьне мне даслалі з ААН, калі атрымалі адказ беларускага боку. Між тым усе магчымасьці на абарону ўнутры краіны мы вычарпалі: зьвярталіся ў Вярхоўны суд, Уладзіслаў напісаў прашэньне пра памілаваньне... Нам адразаюць усе шляхі да абароны. Так, мы ня можам зьвярнуцца ў міжнародныя структуры ад імя Ўладзіслава, бо бясьсьледна зьніклі ўжо дзьве даверанасьці, складзеныя сынам і яго адвакатам, якія мусіць падпісаць кіраўніцтва СІЗА КДБ», — апавяла Любоў Кавалёва.

Таксама яна паведаміла, што Ўладзіслаў Кавалёў і яго адвакат Станіслаў Абразей атрымалі дазвол, каб вывучыць яшчэ чатыры тамы пратаколаў судовых пасяджэньняў.

1 лютага пра тое, што тэрмін азнаямленьня скончаны, журналістам паведаміў намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валерый Калінковіч. Аднак з 6 лютага асуджанаму і яго адвакату далі дадатковы час на вывучэньне судовых дакумэнтаў.

30 лістапада 2011 году жыхароў Віцебску Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава прызналі вінаватымі ў тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Абодвум прысуджана сьмяротнае пакараньне. Уладзіслаў Кавалёў свае віны не прызнаў.
XS
SM
MD
LG