Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: «Больш пятляць ня змогуць...»


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ў лісьце дамоў выказаўся наконт падпісанага ім прашэньня аб памілаваньні.

6 лютага жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга атрымала ад яго адразу два лісты, адзін зь якіх быў напісаны пасьля таго, як Зьміцер падпісаў прашэньне аб памілаваньні. Вольга Бандарэнка паведаміла «Свабодзе»:

«Бачна, што ён ня можа выказвацца адкрыта, некаторыя фразы такія, што над іх сэнсам мне яшчэ трэба думаць. Але вось пра тое, ці хутка яго пасьля гэтага вызваляць, ён напісаў больш пэўна. Цытую: „Зараз можа быць усё што заўгодна, і туды і сюды, але, хутчэй за ўсё, стане нават больш складана. Але цяпер яны ўжо пятляць ня змогуць. І ў гэтым я мушу быць разам з Андрэем“.

Мой камэнтар да гэтага такі: раней Лукашэнка казаў, што вось яны ня хочуць выходзіць з турмаў, бо ня пішуць прашэньняў аб памілаваньні, але, аказваецца, Саньнікаў тады ўжо прашэньне напісаў, але яго не выпускалі і нават працягвалі ціск на яго. Інакш чаму тады да яго не дапускалі адваката? Да ўсіх дапускалі, а да яго — не? А зараз вось і Дзіма напісаў прашэньне, і паглядзім, ці адпусьцяць. Дзіма, відаць, не выключае, што ня хутка гэта адбудзецца. Дзякуй богу, што хоць кій аддалі», — кажа Вольга Бандарэнка.

Зьміцер Бандарэнка зараз мае магчымасьць хадзіць з кіем, а таксама карыстацца адмысловым абуткам. У палітвязьня Бандарэнкі праблемы з хрыбетнікам і нагой, у зьняволеньні ён перанёс апэрацыю.

У тэлефоннай размове з жонкай 4 лютага Зьміцер Бандарэнка паведаміў, што 1 лютага напісаў прашэньне аб памілаваньні.

У канцы студзеня стала вядома, што прашэньне аб памілаваньні падпісаў Андрэй Саньнікаў. Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Ірыны Халіп, гэта адбылося ў канцы лістапада, паводле Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС — у канцы сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG