Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: фільм на тэлеканале «Беларусь-1» — фальшыўка


Жана Літвіна

Жана Літвіна

Дакумэнты, паказаныя ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», якія нібыта тычацца дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), — гэта «сфабрыкаваная фальшыўка».

Так заявіла БелаПАН кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна, камэнтуючы дакумэнтальны фільм «Баш на БАЖ», паказаны ўвечары 5 лютага.

У фільме кіраўніцтва БАЖ абвінавачвалася ў атрыманьні грантаў ад амбасады Вялікай Брытаніі. Сьцьвярджалася, што гэтыя сродкі не былі зарэгістраваныя ў Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. У фільме фігуравалі раздрукоўкі сродкаў, нібыта атрыманых БАЖ, — безь пячатак і подпісаў, а таксама ананімны ліст нібыта ад былога сябра БАЖ, які абвінавачваў асацыяцыю ў нямэтавым выдаткоўваньні сродкаў.

«Сумнеўныя паперы, паказаныя па беларускім тэлебачаньні, я ўпершыню бачу і ня маю да іх ніякага дачыненьня», — заявіла Літвіна. — «Гаворачы пра фінансаваньне арганізацыі, аўтары фільма чамусьці не ўзгадалі, што ў 2004 годзе БАЖ быў узнагароджаны самай прэстыжнай прэміяй Эўрапарлямэнту — прэміяй імя Андрэя Сахарава. Пасьля ўручэньня дыплёму ў Страсбургу на рахунак БАЖ былі пералічаныя 50 тысяч эўра. Пасьля выплаты ўсіх падаткаў і збораў гэтыя сродкі на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваліся на ажыцьцяўленьне статутных мэтаў і падтрымку існаваньня арганізацыі».

«Тое, што беларускае тэлебачаньне, акрамя штодзённага інфармацыйнага абалваньваньня, ня грэбуе такімі функцыямі, як дыскрэдытацыя, — да гэтага мы ўжо прывыклі. Такога кшталту дыскрэдытацыі і абразы разьлічаныя на эмацыйную рэакцыю. Але каб на гэтую эмацыйную рэакцыю не зьбівацца, я магу сказаць толькі адно: для мяне абсалютна зразумела, што журналістыка як прафэсія канчаткова сыходзіць, а можа, ужо і сышла зь беларускага тэлебачаньня», — адзначыла кіраўніца БАЖ.

«Наша арганізацыя, — падкрэсьліла яна, — зьяўляецца сябрам Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, яна ўдзельнічае ў міжнародных праграмах, зьвязаных з адукацыяй журналістаў, абаронай нашых прафэсійных правоў, праблемамі журналісцкай этыкі. Паглядзеўшы сюжэт пра БАЖ па БТ, я перакананая, што ў адукацыйных праграмах, як ніхто іншы, маюць патрэбу работнікі беларускага тэлебачаньня. І пачынаць вучыць іх трэба з асноваў журналістыкі».

Жанна Літвіна заявіла, што БАЖ заўсёды займаўся дзейнасьцю, накіраванай на абарону прафэсійных правоў журналістаў, на прасоўваньне агульнапрынятых стандартаў журналістыкі ў Беларусі. «Самае важнае, што, абараняючы правы журналістаў, мы абараняем права грамадзтва на атрыманьне своечасовай, поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі», — падкрэсьліла яна.

Як паведаміла кіраўнік БАЖ, цяпер юрысты асацыяцыі разглядаюць магчымасьць падачы ў суд пазову на канал «Беларусь-1» за абразу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG