Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад на расейскую амбасаду ў Трыпалі


Лібан. «Скрываўленае» фота сырыйскага прэзыдэнта Башара аль-Асада разам з расейскім сьцягам на зямлі каля амабасады РФ у Бэйруце.

Лібан. «Скрываўленае» фота сырыйскага прэзыдэнта Башара аль-Асада разам з расейскім сьцягам на зямлі каля амабасады РФ у Бэйруце.

У сталіцы Лібіі Трыпалі дэманстранты напалі на амбасаду РФ і сарвалі расейскі сьцяг.

Як перадае спадарожнікавы тэлеканал Al-Jazeera, у беспарадках, арганізаваных сырыйскімі апазыцыянэрамі, удзельнічалі і лібійцы.

Паводле зьвестак AFP, нападнікі ўзьнялі над рэзыдэнцыяй расейскага пасла сьцяг сырыйскай апазыцыі. Натоўп скандаваў антырасейскія лёзунгі ў знак падтрымкі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН у справе Сырыі, якую Расея і Кітай заблякавалі напярэдадні.

Падобныя інцыдэнты каля амбасадаў РФ адбыліся сёньня і ў некаторых іншых арабскіх краінах.

Тым часам ліга арабскіх дзяржаў заявіла, што працягне намаганьні дзеля ўрэгуляваньня сырыйскага канфлікту, нягледзячы на тое, што Расея і Кітай наклалі вета на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН.

У прынятай сёньня заяве Ліга заклікала ўлады Сырыі ўзяць да ўвагі патрабаваньні сырыйскага народу, каб пазьбегнуць ваеннага ўмяшаньня.
Сёньня ж у Ярданіі ісламісты заклікалі мусульман усяго сьвету і арабаў байкатаваць тавары расейскай і кітайскай вытворчасьці.

Раней дзеяньні Кітаю і Расеі скрытыкавалі чальцы Рады Бясьпекі ААН і сырыйская апазыцыя.

Прадстаўнікі Расеі тлумачаць сваю пазыцыю тым, што ўхваленьне рэзалюцыі, падрыхтаванай, паводле іх слоў, краінамі Захаду, дало б несправядлівую падтрымку міжнароднай супольнасьці аднаму з бакоў грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Насамрэч рэзалюцыя была падрыхтаваная Лігай арабскіх дзяржаў. У Раду бясьпекі ААН праект падало Марока – пасьля таго, як назіральнікі Арабскай лігі ў Сырыі зафіксавалі расстрэлы няўзброеных дэманстрантаў праўрадавымі снайпэрамі.

Прадстаўнікі паўстанцаў у сырыйскім горадзе Хомс заявілі, што ўчорашняе галасаваньне давяло марнасьць іх надзей на міжнародную супольнасьць. Паводле іх слоў, поўнамаштабная грамадзянская вайна застаецца для іх адзіным спосабам абараніць сябе ад рэпрэсій уладаў.

Аглядальнікі адзначаюць, што нестабільнасьць у арабскім сьвеце ўтрымлівае на высокім узроўні сусьветныя цэны энэргарэсурсаў, якія складаюць больш за 70% расейскага экспарту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG