Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Залатой дзясятцы кніг 2011 году былі прадстаўленыя зборнік казак Сержука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч», том выбраных твораў Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці», пераствораных па-беларуску, раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы», том выбранага Вінцука Адважнага, дакумэнтальная кніга Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску», чатырохтомнік Чэслава Мілаша ў беларускім перакладзе, двухтомнік Адама Бабарэкі і зборнік турэмнай лірыкі Ўладзімера Някляева «Лісты да Волі». Завяршаем гэты адмысловы рэйтынг кнігай, якая заняла самы верхні радок Залатой дзясяткі. Гэта паэтычны том Рыгора Барадуліна «Anima».

***
Душа ня лічыць
Зямныя гады.
Яна маладая назаўсягды.

***
Зразумець анікому няўзмогу,
У чыёй душы
Зацішней Пану Богу.


Распавядаць пра такую паэзію – як прапаноўваць наталіцца вуснамі каханага праз шкло. Такія радкі трэба самому чытаць і перачытваць, як робяць гэта тыя, хто аднойчы й назаўжды адкрыў для сябе таемна прыцягальную душу паэта.

«Animе» Рыгора Барадуліна наканавана было стаць найлепшаю кнігай Беларусі 2011 году, перакананая маладая паэтка Валярына Кустава.

«Апошняе, бадай, дзесяцігодзьдзе практычна ўсё, што піша дзядзька Рыгор, яно зьяўляецца ці не найлепшым у беларускай літаратуры. Прынамсі, у беларускай паэзіі. Натуральна, што гэтая кніга, яна ўжо проста ня мела права ня выйсьці на першыя радкі любых рэйтынгаў літаратурных, бо ў ёй ужо столькі мудрасьці, столькі чысьціні, колькі накапілася ў досьведзе і ў паэзіі дзядзькі Рыгора, што было б проста дзіўна не ўключыць яе ў пералік першаю. Я на ягоных кнігах вучуся і гэта яшчэ адна кніга, якая становіцца на маю паліцу ў скарбонку найлепшага, і думаю, што яна мусіць быць на паліцы, бадай, кожнага беларуса».

На амаль паўтысячы старонках «Animы» зьмешчаныя выбраныя вершы з ранейшых кніг паэта і новыя ягоныя творы, якія тэматычна аб’яднаныя гэтым старажытным словам, што азначае душа. Першаю падобнаю кнігай Барадуліна былі «Ксты», выдадзеныя ў 2005 годзе пад патранатам касьцёлу сьвятых Сымона ды Алены ў Менску. Дапоўненыя і перакладзеныя «Ксты» ня раз перавыдаваліся. Былі ў гэтай сэрыі і іншыя кнігі. Усе разам яны ўтварылі пэўную традыцыю, вартую асаблівай увагі, лічыць літаратар і кнігавыдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

«Гэтая традыцыя, якая была запачаткаваная некалькі гадоў таму, умоўна кажучы, яна мае акцэнт на духоўную паэзію. Хаця як паэзія можа быць бездухоўнай – гэта пэўны нонсэнс. Але тым ня менш падборка кніг ад «Кстоў» да «Animы» склала ў творчасьці Рыгора Іванавіча пэўную традыцыю і гэтая традыцыя, на маю думку, хораша зарэкамэндавала сябе, хораша гучыць. І з аднаго боку – у мяне гэтая кніжка стаіць поруч зь Бібліяй у перакладзе Васіля Сёмухі, а з другога боку – мне прыемна, што вось і такая цікавасьць і чытачоў, і выдаўцоў да творчасьці Барадуліна не зьмяншаецца. І прыемна, што мне ўдалося ў свой час выдаць кніжку выбранага Барадуліна «Руны Перуновы», а таксама яго дзіцячую кніжку «Выпаў грук у грома з рук». Зьяўляюся даўнім прыхільнікам паэзіі Барадуліна і раблю высокую адзнаку яго творчасьці».

Ініцыятарамі выданьня кнігі духоўнай лірыкі Рыгора Барадуліна былі ксёндз касьцёлу сьвятых Сымона й Алены Ўладыслаў Завальнюк і літаратуразнаўца Ала Сакалоўская. Спадарыня Ала стала і памочніцай аўтара ў складаньні тому выбранага, і ягоным рэдактарам.

«Якраз быў юбілей касьцёлу, калі мы рыхтавалі гэтую кніжку, і я падумала, што добра было б выдаць кніжку такога кшталту, куды ўвайшлі б і кананічныя малітвы ў паэтычным перастварэньні, і біблейскія баляды, і вершы на матывы Псальмоў Давідавых, і філязофскія развагі над кожнаю драбніцай Божага тварэньня. Пачынаючы «Кстамі» такіх кніг выйшла ўжо дзесяць, і гэтая дзясятая атрымалася такім акордам на тэму духоўнасьці. Трэба ж улічваць, у які час мы жывём, калі паўсюль пануе бездухоўнасьць, калі людзі ня ведаюць, навошта яны прыйшлі ў гэты сьвет, як жыць, ці любіць ці ненавідзець. І я думаю, што Барадулін сваім паэтычным словам дае адказы на гэтыя пытаньні, і гэтая кніга, як і іншыя яго кнігі, дапаможа людзям».

Гэтую кнігу, як і папярэднія, што выходзілі пад патранатам Чырвонага касьцёлу, можна назваць народнай. Яна выдадзеныя на ахвяраваньні парафіян, што асабліва падкрэсьлівае Ала Сакалоўская.

«Касьцёл, асабліва ў асобе пробашча Ўладыслава Завальнюка, вельмі падтрымлівае Барадуліна духоўна, вельмі істотна падтрымлівае яго матэрыяльна ўсе гэтыя сем-восем гадоў. Паэт не забыты, паэт не занядбаны, не закінуты ва ўсіх сэнсах – і ў духоўным, і ў матэрыяльным».

Падтрымка заўсёды патрэбная творцам, але з увагі на стан здароўя аўтара «Аnimы» яна патрэбная асабліва. Кнігі ягоныя дзяржаўныя выдавецтвы не выдаюць, як і кнігі іншых выбітных творцаў краіны, а ім важна ведаць, што іхныя творы даходзяць да людзей і людзям яны неабходныя.

Чырвоны касьцёл некалькі гадоў таму ініцыяваў і вылучэньне Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. Ала Сакалоўская цяпер занятая падрыхтоўкай да выданьня збору твораў Барадуліна ва ўсіх існуючых замежных перакладах. Гэта будзе новая кніга з выдавецкай сэрыі Чырвонага касьцёлу.

«Вот адзінаццатая яго кніжка, якая гэта будзе кніжка? Рыгор Барадулін на мовах сьвету. Я шукаю ўсе пераклады вершаў Рыгора Барадуліна, якія былі зробленыя за ўвесь час яго творчасьці. І ў шасьцідзясятыя, і ў сямідзясятыя гады, і цяпер новыя яго вершы перакладаюцца на розныя мовы. Што будзе ўяўляць сабой гэтая кніга? Верш ідзе па-беларуску, а затым – ну дапусьцім верш, перакладзены на пяць моваў, і ў алфавітным парадку пайшлі ўсе пяць перакладаў гэтага верша. І так ўсе пераклады будуць».

Кніга перакладаў паэзіі Рыгора Барадуліна на мовы сьвету мае выйсьці да канца году, але сёньняшнюю праграму мы хочам завершыць новымі, яшчэ нідзе не друкаванымі вершамі народнага паэта.

Карані цішыні

Сьмех змоўк.
Бег воўк.
Луг глух.
Зьвяў звон.
Спаў сон.

Яшчэ

Дзень кожны на зямлі, як сьвята.
Разьмеркавана ўсё ў жыцьці.
Вадзе – цячы, журбе – расьці
І валунам маўчаць зацята.
А мы яшчэ жывыя цені
Наіўныя ў сваім трымценьні.

Па часе

Зьнікаюць дні, як беглыя вязьні,
Цішэе тлум на людзкім кірмашы.
Па часе пачынае выразьней
Акрэсьлівацца ў профілі душы.

Прысьвячэньне

Той край – ня край зямлі,
А цэнтар Сусьвету.
Там некалі мяне знайшлі
І дату гэту на камяні
Сівы груган накрэсьліў дзюбай.
Там песьціў цішыню
Туман, як перад згубай,
На лічбы там загадваў нуль,
Яго якая
Там ценямі зьбянтэжана
Дасюль мяне чакае.
XS
SM
MD
LG