Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Кітай заблякавалі рэзалюцыю ААН па Сырыі


Пратэсты напярэдадні галасаваньня ў Радзе бясьпекі ААН па рэзалюцыі адносна Сырыі. Талбісэх, Сырыя

Пратэсты напярэдадні галасаваньня ў Радзе бясьпекі ААН па рэзалюцыі адносна Сырыі. Талбісэх, Сырыя

Лёндан: вета на рэзалюцыю ААН па Сырыі – "ганебны крок" з боку Расеі і Кітаю

Расея і Кітай наклалі вета на праект рэзалюцыі ААН, які падтрымлівае плян Лігі арабскіх дзяржаў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі.

Рэзалюцыя абмяркоўвалася сёньня на спэцыяльным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН у Нью-Ёрку. Усе астатнія 13 членаў рады, сярод якіх ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, падтрымалі рэзалюцыю.

Прадстаўніцтва Вялікай Брытаніі пры ААН назвала блякаваньне рэзалюцыі "ганебным крокам" з боку Расеі і Кітаю. Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што заблякаваная рэзалюцыя падрывае ролю ААН і міжнароднай супольнасьці ў часе, калі Дамаск павінен "пачуць аб'яднаны голас" з патрабаваньнем спыніць гвалт.

У сваю чаргу Масква заявіла, што праект рэзалюцыі "небезнадзейны", але фармулёўкі ў тэксьце павінны быць зьмененыя так, каб міжнародная супольнасьць не станавілася на адзін з бакоў у грамадзянскай вайне.

Напярэдадні сырыйскія вайскоўцы абстралялі з цяжкой артылерыі горад Хомс – адзін з цэнтраў апазыцыйных выступаў – забіўшы больш за 200 чалавек. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў учорашняе бамбардаваньне Хомсу «агідным нападам» і абвінаваціў сырыйскія ўлады ў забойствах цывільных асобаў. Афіцыйны Дамаск адпрэчыў факт бамбардаваньня гораду і ўсклаў адказнасьць за забойствы ў горадзе на тэрарыстычныя групоўкі

XS
SM
MD
LG